Грамадскія актывісты ўшанавалі на менскіх Вайсковых могілках памяць Рут Уолер – грамадзянкі ЗША, якая ў складзе гуманітарнай місіі дапамагала аднаўляць пасляваенную Беларусь, паведамляе "Свабода" і "Радыё Рацыя".
Амерыканка Рут Уолер, якая працавала ў Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Арганізацыі Аб’яднаных Нацый – UNRRА, памерла 4 жніўня 1946 году ў Менску. Рут Уолер уратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры каля рэзідэнцыі UNRRА ў Лошыцы. А сама пасля гэтага захварэла на постгрыпозны мэнінгіт. Яе лячылі найлепшыя медыкі Беларусі, але праз тыдзень Рут памерла.
Як адзначыла сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая ў каментары «Радыё Рацыя», для яе важны не толькі прыклад самой Рут Уолер, але і прыклад яе мужа, які не з'ехаў з Беларусі пасля смерці жонкі, якой было 25 гадоў.
Менавіта дзякуючы яе мужу праз год у Менску адкрыўся завод «Медпрэпараты», дзе пачалі выпускаць антыбіётыкі.
Камуністычныя ўлады БССР імкнуліся не згадваць пра амерыканскі ўнёсак у аднаўленне разбуранай вайной Беларусі. Толькі ў 2016 годзе адной з мінскіх школ надалі імя Рут Уолер.
яс