Беларусь і Польшча разлічваюць падпісаць пагадненне аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве ў 2020 годзе. Гаворка пра гэта ішла на сустрэчы намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука з віцэ-спікерам Сейма Польшчы Рышардам Тарлецкім (Ryszard Terlecki), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект пагаднення распрацаваны. Заключыць яго плануецца ў наступным годзе, паколькі ў бягучым і ў Беларусі, і ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары. Падпісанне пагаднення Баляслаў Пірштук назваў лагічным працягам канструктыўнай работы парламентаў дзвюх краін.
Характарызуючы развіццё міжпарламенцкіх адносін, Баляслаў Пірштук адзначыў, што на працягу апошніх трох гадоў у Беларусі і Польшчы ўсталяваліся „вельмі добрыя, цесныя, а самае галоўнае - пастаянныя кантакты”. „Мы пачынаем напрацоўваць добрую базу”, - дадаў ён.
Віцэ-спікер звярнуў увагу, што ў бакоў склаліся добрыя, даверныя адносіны на міжнародных пляцоўках, такіх як ПА АБСЕ, ПАСЕ. „Усё гэта, безумоўна, спрыяе нашаму збліжэнню з Еўрасаюзам. І Польшча ў гэтым сэнсе з'яўляецца добрым пераходным злучным звяном паміж намі і Еўрасаюзам”, - сказаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася таксама развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва, дзелавых кантактаў, рэалізацыя сумесных праектаў.
Як паведамлялася, польская парламенцкая дэлегацыя на чале з віцэ-спікерам Сейма Польшчы Рышардам Тарлецкім знаходзіцца з візітам у Беларусі па 23 жніўня.
Парламентарыі правядуць перамовы ў Міністэрстве спорту і турызму. Адбудзецца асобная сустрэча з рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Польшчы. Акрамя таго, дэлегацыя пабывае ў Мядзельскім і Глыбоцкім раёнах.
Візіт прысвечаны пашырэнню міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, у тым ліку па лініі створаных у парламентах абедзвюх краін працоўных груп, паглыбленню гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага, турыстычнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.
аз