Беларуская Служба

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская пераведзена на «валадарку»

12.04.2021 08:11
Сутнасць абвінавачванняў, як і артыкулы па якой затрыманая праваабаронца, застаецца нявызначанай.
 -
Таццяня Гацура-ЯворскаяФэйсбук

Праваабаронца і дырэктар асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб'яднання «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская, якая была затрымана 6 красавіка, знаходзіцца ў Мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, паведаміла яе калега ў «Фэйсбуку», піша naviny.by.

Паводле яе слоў, сутнасць абвінавачванняў, як і артыкулы па якой затрыманая праваабаронца, застаецца нявызначанай. Абвінавачванні павінны быць прадʼяўлены на працягу 10 сутак з моманту затрымання.

Раней муж праваабаронцы Уладзімір Яворскі паведамляў, што яна затрыманая як падазраваная ў крымінальнай справе.

6 красавіка ў офісе і дома ў Гацура-Яворскай прайшоў ператрус у рамках расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Па словах яе мужа, у пастанове на ператрус была паказаная ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Пасля ператрусу Гацуру-Яворскай, а таксама актывістак «Звяна», у тым ліку Наталлю Трэніну і Юлію Сяменчанка, даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

8 красавіка прайшлі адміністрацыйныя суды над усімі затрыманымі актывісткамі «Звяна» – адну пакаралі штрафам і адпусцілі, яшчэ тры атрымалі па сем сутак арышту. Усіх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўніку праваахоўных органаў.

«Таццяне таксама далі штраф у памеры 50 базавых. Мы чакалі каля ізалятара, што яе адпусцяць, але ў выніку адвакат сказала, што Таццяна затрыманая па крымінальнай справе», – распавёў Яворскі.

Таццяна Гацура-Яворская і Наталля Трэніна зладзілі выставу «Машына дыхае, а я – не», прысвечаную беларускім урачам, што змагаецца з каранавірусам і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя. Аўтары работ, прадстаўленых на выставе, – вядомыя фатографы і мастакі.

ав