Беларуская Служба

Беларускія музыкі зладзілі канцэрт у падтрымку рэпрэсіраванага мастака

08.08.2021 20:34
8 жніўня Піт Паўлаў і гурт N.R.M., Аляксандр Памідораў, Андрусь Такінданг і гурт "Рэха", Алег Хаменка, Андрэй Мельнікаў зайгралі ў падтрымку Алеся Пушкіна.
Здымак мае ілюстрацыйны характарhttps://t.me/by_culture

Алесь Пушкін — выбітны беларускі мастак і перформер, актыўны грамадскі дзеяч. Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы за яго карціну — партрэт удзельніка антысавецкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара (не прызнаны ваенным злачынцам ні ў адной краіне свету).

Гэтая карціна не раз выстаўлялася ў дзяржаўных і замежных галерэях, але сёлета беларускія ўлады палічылі, што яна «рэабілітуе і апраўдвае нацызм». На Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйку, уладальніка Цэнтра гарадскога жыцця, дзе карціна выстаўлялася ў сакавіку 2021, завялі крымінальную справу за распальванне нацыянальнай, расавай і іншай варожасці групай асобаў.

6 жніўня Алесь Пушкін адсвяткаваў свой 56-ты Дзень народзін у турме. Яго сябры-музыкі: Піт Паўлаў і гурт N.R.M., Алег Хаменка, Аляксандр Памідораў, Андрэй Мельнікаў, Андрусь Такінданг і гурт "Рэха" — сабраліся разам, каб праспяваць песні ў яго гонар і заклікаць падтрымаць Алеся ды яго сям’ю, а таксама ўсіх палітычных вязняў.

Усе сабраныя сродкі падчас канцэрту будуць перададзеныя яго сям'і.

Беларуская Рада культуры заклікае падтрымаць Алеся Пушкіна ды яго сям’ю, а таксама ўсіх рэпрэсаваных культурных дзеячаў праз дабрачыннае ахвяраванне на: https://byculture.org/donate

юл