Сёння юрыст ПЦ «Вясна» і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч адзначае свой 43-ці Дзень народзінаў за кратамі.
Прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый дасылаюць свае віншаванні Уладзіміру Лабковічу з розных краін свету.
Дэпутат нямецкага Бундэстага Штэфан Гельбхаар, які з’яўляецца сімвалічным «хросным» Лабковіча ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandByYou ад «Libereco – партнёрства за правы чалавека», запісаў відэазварот (з субтытрамі) для Уладзіміра да Дня народзінаў.
-Дарагі Уладзімір! Дарагі калега! Сёння Ваш дзень нараджэння, і я зрабіў гэта відэа, каб сказаць: Вы не адзін. Як і я, Вы юрыст, той, хто сапраўды абараняе правы палітычных вязняў, каб ператварыць іх з аб'ектаў несправядлівай прававой сістэмы ў людзей. Вы і шэсць Вашых сяброў цяпер у зняволенні, і мы не забываем пра гэта тут. Мы памятаем пра гэта і мы бачым вас. Хаця Вы зараз за кратамі, сёння Ваш дзень нараджэння і ніхто не можа яго ў Вас забраць. Мы разам з Вамі.
Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Лабковіч быў затрыманы 14 ліпеня. У яго дома адбыўся вобшук, а самога праваабаронцу разам з жонкай Нінай затрымалі, павезлі на допыт, а пасля змясцілі пад варту.
Папярэдне Уладзіміру Лабковічу прадʼяўленыя абвінавачванні ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), і ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК).
Сёння – 100 дзён, як праваабаронцы «Вясны» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць.
ав/Вясна