Прайшло 1000 дзён з моманту беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і жорсткага падаўлення масавых пратэстаў. З пачатку агульнанацыянальных выступаў за свабоду і дэмакратыю паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна» было арыштавана больш за 38 000 чалавек. У перыяд з 2020 па 2023 год агулам больш за 2240 чалавек былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. У турмах Беларусі дагэтуль знаходзяцца 1500 з іх, уключаючы Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года і кіраўніка «Вясны». Сумарны тэрмін усіх цяпер зняволеных у турму па палітычных прычынах складае 5300 гадоў – такі сумны рэкорд.
Таму нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco яшчэ раз заклікае ганаровых консулаў Беларусі ў Германіі і Швейцарыі неадкладна падаць у адстаўку. Злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў Беларусі, павінны быць перададзеныя на разгляд спецыяльнага трыбунала.
« Як сябра Рады Бяспекі ААН, Швейцарыя павінна падняць пытанне аб разбуральнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі«, – кажа прэзідэнт Libereco Швейцарыі Ларс Бюнгер.
Прадстаўнікі арганізацыі звяртаюць таксама ўвагу на тое, што нягледзячы на шырока дакументаваныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і прамую падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, чацвёра з сямі былых ганаровых консулаў у Германіі і Швейцарыі па-ранейшаму прадстаўляюць рэжым Лукашэнкі.
«Libereco заклікае ўсіх чатырох беларускіх ганаровых консулаў неадкладна падаць у адстаўку і выразна дыстанцыявацца ад злачыннага рэжыму Лукашэнкі», – заяўляе дырэктар Libereco Германіі Марка Фібер.
spring96.org/аз