Беларуская Служба

Даклад Арганізацыі аб'яднаных нацый па правах чалавека ў РБ: сітуацыя «катастрафічная»

05.07.2023 09:29
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, паводле ацэнкі ААН, «катастрафічная» і толькі пагаршаецца. 
Кратыаўтар: Pixabay.com/craigclark

Рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана змагаецца з апошнімі нязгоднымі ў грамадзянскай супольнасці, заявіла Анаіс Марэн, спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі, прадстаўляючы свой новы даклад на 53-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), якая праходзіць у Жэневе.

«Сітуацыя застаецца катастрафічнай. На жаль, яна працягвае пагаршацца», – сказала Марэн. Паводле яе слоў, папраўкі, якія ўносяцца ў беларускае заканадаўства, прывялі да рэзкага росту палітычна матываваных пераследаў і прыгавораў. «Адсутнасць адказнасці за парушэнні правоў чалавека спараджае атмасферу страху сярод ахвяр і іх семʼяў», – адзначыла французская экспертка.

Марэн нагадала, што два гады таму яна папярэджвала СПЧ аб «таталітарным павароце» у Мінску, аб чым сведчыла «грэбаванне чалавечым жыццём і годнасцю» падчас падаўлення пратэстаў у 2020 годзе. Больш за 1500 чалавек па-ранейшаму ўтрымліваюцца пад вартай па палітычна матываваных абвінавачаннях. Пачынаючы з 2020 года штодзень адбываецца ў сярэднім 17 затрыманняў, паведаміла яна ў штогадовым дакладзе.

«У Беларусі ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці за адвольнае затрыманне дзясяткаў тысяч мірных дэманстрантаў у 2020 годзе, а таксама за гвалт або катаванні, якім падвергліся многія з іх, – указала Анаіс Марэн. – Гэтая ўсеагульная беспакаранасць і атмасфера страху, якія ўзніклі ў выніку рэпрэсій, прымусілі сотні тысяч беларусаў адправіцца ў выгнанне».

крыніца: DW Беларусь

нг