Беларуская Служба

У Беларусі абнаўляюць «дармаедскую» базу. Што зрабіць, каб у яе не патрапіць

05.07.2023 11:20
Базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва абнаўлялі апошні раз у чэрвені. 
 .       .
Ілюстрацыйны здымак. Жанчына на прыёме камісіі па справах "дармаедаў".фота: TUT.BY

У Беларусі «дармаедскія» камісіі збіраюць інфармацыю аб занятасці грамадзян, каб абнавіць базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Для гэтага беларусаў просяць да 21 ліпеня прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць або іх працаўладкаванне, або падставы для неўключэння ў базу. Тым часам «дармаедскія» камісіі склалі графікі сваёй працы на трэці квартал, а некаторыя – да канца года (да прыкладу, у Любанскім раёне).

У жніўні чыноўнікі актуалізуюць спіс працаздольнага насельніцтва, якое не занятае ў эканоміцы. Тым, хто трапіць у яго і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, давядзецца аплачваць па поўных тарыфах не толькі гарачае водазабеспячэнне, але таксама ацяпленне і газ. Да 21 ліпеня трэба паспець прадставіць у камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Абнаўляюць базу штоквартальна, таму прадставіць дакументы неабходна да 21 кастрычніка, 21 студзеня, 21 красавіка.

Дакументы, якія пацвярджаюць занятасць, можна адправіць у «дармаедскую» камісію на e-mail ці звычайнай поштай. Таксама можна прынесці іх асабіста.

Нагадаем, тыя, хто з'ехаў за мяжу больш, чым на 30 дзён, нават калі працуе ці вучыцца за мяжой, з сакавіка мінулага года лічацца «дармаедамі». Але тут ёсць выключэнне – гэта не датычыць тых, хто працуе або вучыцца ў краінах ЕАЭС – Расіі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане. Яшчэ выключэнне – выезд на лячэнне або ў камандзіроўку.

Базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва абнаўлялі апошні раз у чэрвені. У яе ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць занятасць за студзень-сакавік. З тых, хто аказаўся ў базе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах спаганяць аплату за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду. Асабліва адчувальнымі будуць плацёжкі за апошнія дзве паслугі, для «дармаедаў» яны прыкладна ў 6 разоў даражэйшыя.

Крыніца: zerkalo.io

нг