Беларуская Служба

З Беларусі ўслед за верталётамі вылецелі і расійскія знішчальнікі

05.08.2023 17:11
Машыны знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі больш за 200 дзён.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/Hajun_BY/7200

З Беларускага аэрадрома «Баранавічы» сёння апоўдні ў Расію ўслед за верталётамі вылецелі 9 расійскіх знішчальнікаў. Як паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», яны прайшлі праз Магілёўскую вобласць, пасля чаго перасеклі мяжу з Расіяй. Адзначаецца, што большасць з іх знаходзілася ў Беларусі 202 дні.

«Пазней, прыкладна ў 14:00 з Мачулішчаў пайшоў на ўзлёт Мі-24 ВКС РФ, па нашых дадзеных, апошні верталёт авіяцыйнай групоўкі ВКС РФ, які знаходзіўся ў Мачулішчах», – дадаецца ў паведамленні.

«Беларускі Гаюн» адзначыў, што падчас апошняга вылету тэрыторыю Беларусі пакінулі верталёт Мі-24, а таксама 9 знішчальнікаў Су-34 і Су-30СМ.

Сёння раніцай тэрыторыю РБ пакінулі таксама 10 вайсковых верталётаў РФ. Група зляцела з аэрадрома «Мачулішчы». У склад групы ўвайшлі 4 Мі-8 і 6 Мі-24 на прыкладна 20 членаў экіпажаў.

яс