Міністр абароны Эстоніі Ханна Пэўкур заявіў «Белсату», што не бачыць розніцы паміж Беларуссю і Расіяй у кантэксце вайны ва Украіне. «Яны ўсё робяць разам», – адзначыў чыноўнік.
«Няма розніцы з Расіяй. Мы ведаем, што Расія мае фактычна 100% уплыву на Беларусь», – заявіў міністр, адказваючы на пытанне, як Талін ацэньвае ўплыў рэжыму Лукашэнкі на бяспеку ў рэгіёне і яго ролю ў вайне ва Украіне.
Кіраўнік Мінабароны Эстоніі зазначыў, што Беларусь, вядома, хацела б называцца незалежнай дзяржавай, якая прымае самастойныя рашэнні.
«Але мы бачым, гледзячы на Украіну, на цяперашнюю сітуацыю на мяжы, што яны ў вельмі блізкім супрацоўніцтве з Расіяй. Яны робяць усё разам. Вось чаму для нас, у балтыйскіх дзяржавах, няма прычыны раздзяляць гэтыя дзве краіны», – падсумаваў Пэўкур.
11-12 кастрычніка ў Бруселі адбываецца сустрэча міністраў абароны НАТА, першае паседжанне Рады НАТА-Украіна, а таксама нарада Кантактнай групы па абароне Украіны ў фармаце «Рамштэйн». На гэтую сустрэчу, дзе абмяркоўвалася дапамога Кіеву, нечакана прыехаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі – яго візіт не анансаваўся. Гэта першы візіт украінскага прэзідэнта ў штаб-кватэру Альянсу падчас поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
вс