Прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі і яго памагатых да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці абмеркаваў з чэшскімі палітыкамі і чыноўнікамі намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка падчас візіту ў гэтую краіну, паведаміла «Свабода».
Падчас сустрэчы з намеснікам міністра юстыцыі Карэлам Дворжакам ішла гаворка пра выкарыстанне інструментаў універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі: «больш за 40 ахвяр зараз пражываюць у Чэхіі, па фактах катаванняў ініцыяваныя крымінальныя справы», адзначаецца ў паведамленні прэс-службы АПК.
Падчас сустрэчы з кіраўніцай парламенту Чэхіі Маркетай Адамавай Павал Латушка перадаў ёй спіс прапанаваных санкцыяў супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. На сустрэчы з намеснікам міністра ў еўрапейскіх справах Томасам Дубам таксама абмяркоўвалі санкцыйныя пытанні і пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму ў Беларусі, паведамляе прэс-служба АПК.
Са старшынём Камітэту ў міжнародных справах Сенату Чэхіі Паўлам Фішэрам і намеснікам старшыні Камітэту ў еўрапейскіх справах Андрэем Коларам абмяркоўвалі падрыхтоўку рэзалюцыі парламенту Чэхіі па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, а з міністрам абароны Янай Чарнаховай – магчымую падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і агульныя пытанні рэгіянальнай бяспекі.
Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Нацыянальнага спартовага агенцтва Ондржэем Шэбэкам і намеснікам міністра адукацыі, моладзі і спорту Чэхіі Яраславам Мілерам чэшскі бок агучыў «гатоўнасць прыняць вольных беларускіх спартоўцаў для ўдзелу ў спаборніцтвах у Чэхіі, і адзначыў недапушчальнасць такога ўдзелу для спартоўцаў рэжыму», паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.
Крымінальныя справы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі ўжо завялі ў Польшчы, Літве, Германіі і Чэхіі.
аз