Беларуская Служба

Беларуса, які збег ад пераследу ў Расію, выдалі беларускаму рэжыму

18.10.2023 13:18
Палітвязня Дзяніса Хахлова, якога выдварылі з Расіі ў Беларусь, будуць судзіць за ўдзел у пратэстах.
Дзяніс Хахлоўhttps://t.me/viasna96/22159

Дзяніс Хахлоў жыў у Расіі з лютага 2023 года, туды ён з'ехаў ад пераследу ў Беларусі. З Расіі ён збіраўся зʼехаць у Грузію, але 11 чэрвеня быў затрыманы ў Кабардзіна-Балкарыі таму, што знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку на запыт Беларусі. На час праверкі яго змясцілі ў ІЧУ, аднак пракуратура прыйшла да высновы, што ягоныя дзеянні не лічыцца злачынствам на тэрыторыі Расіі.

Але яго не вызвалілі і склалі адміністрацыйны пратакол за перавышэнне тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі. Суд прызначыў яму адміністрацыйнае выдварэнне ў Беларусь.

17 жніўня 2023 года Хахлова выправілі з Расіі ў Беларусь, дзе яго сустрэлі беларускія спецслужбы. Ён быў змешчаны ў ІЧУ Круглага, а потым пераведзены ў СІЗА Магілёва. 

Стала вядома, што 26 кастрычніка ў Шклове Дзяніса пачнуць судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў.

Дзяніс Хахлоў родам з Круглага, ён айчым асуджанага за ўдзел у пратэстах Уладзіслава Лагуценкі.

яс/Вясна