Беларуская Служба

Краіны ЕС выступілі з заявай напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю

09.11.2023 12:30
У ёй асудзілі мінскі рэжым за парушэнні правоў чалавека, удзел у расійскай вайне і запэўнілі аб падтрымцы беларускіх дэмсілаў.
Сцягі Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада краіны Еўрасаюза выступілі з супольнай заявай па Беларусі. Заява апублікаваная на сайце Савета Еўропы. Да яе таксама далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія і Украіна, паведамляе «Свабода».

У дакуменце краіны ЕС рашуча асудзілі «штучна створаны міграцыйны ціск» на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, удзел рэжыму Лукашэнкі «ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і яго ўдзел у распаўсюджванні прапаганды і дэзынфармацыі», любы ўдзел і дапамогу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, працяг пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, «усе акты гвалту, фізічнага або псіхалагічнага, у дачыненні да цывільнага насельніцтва з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пераслед груп нацыянальных меншасцяў» і працяг ужывання смяротнага пакарання ў Беларусі, якое «ўяўляе сабой парушэнне неад’емнага права на жыццё і поўнае адмаўленне чалавечай годнасці».

У кантэксце падрыхтоўкі да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у лютым 2024 і 2025 гадоў, улады Беларусі заклікаюць да свабодных і справядлівых выбараў «без умяшання, запалохвання і страху пераследу ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі».

«ЕС пацвярджае гатоўнасць працягваць сумесную працу з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ў рамках нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, і вітае працяг працы Кантактнай групы па Беларусі Рады Еўропы, а таксама Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства», – гаворыцца ў заяве ЕС.

У заяве таксама падкрэслілі неабходнасць «абароны правоў дэмакратычна настроеных грамадзян», згадаўшы іх права на пражыванне ў краінах, куды яны былі вымушаныя ўцякаць.

Акрамя гэтага, краіны ЕС зноў заклікалі рэжым Лукашэнкі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў.

аз