Беларуская Служба

Спартовы сайт «Трыбуна» і яго сацыяльныя сеткі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

05.12.2023 15:44
Акрамя таго, «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызналі аб’яднанне былых сілавікоў BelPol, ютуб-канал 6TV Bielarus, «Магілёў Медыя» і «Навіны Магілёўскага рэгіёну».
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/LookerStudio

Афіцыйную інтэрнэт-старонку вядучага спартовага медыя Беларусі ўнеслі ў «чорны спіс» на патрабаванне МУС. Таксама туды дадалі шэраг магілёўскіх незалежных СМІ і старонку былых сілавікоў, – паведамляе «Радыё Свабода». Сайт «Tribuna.com Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Назва старонкі з'явілася ў абноўленым пераліку на сайце ведамства.

Часткамі «экстрэмісцкага фармавання» названы сайт by.tribuna.сom, сацыяльныя сеткі і дадаткі Tribuna.сom Беларусь, а таксама «лягатып у выглядзе мастацкай выявы пяціканцовай зоркі, выкананай у рознакаляровых танах, на чорным фоне».

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызналі аб’яднанне былых сілавікоў BelPol, ютуб-канал 6TV Bielarus, «Магілёў Медыя» і «Навіны Магілёўскага рэгіёну». Удзельнікамі апошніх указаны вядомы магілёўскія праваабаронцы і журналісты Зьміцер Салаўёў, Уладзімер Лапцэвіч і Аляксандр Буракоў.

Аўдыторыя «Трыбуны» перасягае мільён чалавек за месяц, яшчэ 4 мільёны чытачоў штомесяц карыстаюцца сайтам праекту і мабільнымі праграмамі.

Пасля 2020 году рэдакцыя стала пісаць больш і пра палітычны складнік беларускага спорту, пра падзеі, якія непасрэдна паўплывалі на змены.

эж