Беларуская Служба

Прэм’ер Літвы папярэдзіла аб наступствах забароны на выдачу ВНЖ беларусам

05.12.2023 18:02
Інгрыда Шыманіце нагадала палітычную пазіцыю Вільні ў стаўленні да суседзяў: не прыроўніваць народ і рэжым у Беларусі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneFoto: Forum/Reuters/INTS KALNINS

Кіраўніца літоўскага ўрада Інгрыда Шыманіце выступіла за «больш глыбокую дыскусію» у пытанні ўніфікацыі санкцыяў супраць беларусаў і расіян. Палітык папярэдзіла, што ў выпадку ўскладнення легалізацыі грамадзянаў Беларусі ў Літве ўзнікне нястача працоўных рук, піша Delfi.

Інгрыда Шыманіце нагадала палітычную пазіцыю Вільні ў стаўленні да суседзяў: не прыроўніваць народ і рэжым у Беларусі. Шыманіце таксама адзначыла, што бальшыня беларусаў у Літве – не палітычныя ўцекачы, а працоўныя мігранты. Кіраўніца ўрада Літвы выказала ўпэўненасць, што пасля дыскусіяў «будуць прапанаваныя лепшыя рашэнні, якія дапамогуць у дасягненні не адной мэты, а максімальна некалькіх мэтаў адначасова».

Выданне «Delfi» адзначае, што зарэгістраваныя ў парламенце антыбеларускія папраўкі не падтрымала спікерка Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Раней віцэ-спікер Сейму Паўлюс Саўдаргас, старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Касчунас і сябра камітэту замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс унеслі ў парламент законапраект, які сур’ёзна абмяжуе выдачу беларусам часовага віду на жыхарства.

эж