Беларуская Служба

Берасцеец звярнуўся ў камісію па вяртанні – яго пасадзілі на год

06.12.2023 11:03
Восенню гэтага года ён звярнуўся ў камісію па разгляду зваротаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, і вярнуўся дадому, але гэты факт не прызналі «безумоўнай падставай для вываду аб яго раскаянні»
Ілюстрацыйны здымакFot.: ilikeyellow/shutterstock

У судзе Маскоўскага раёна Брэста да аднаго года калоніі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) асудзілі 30-гадовага Ігара Неміровіча, паведамляе ПЦ Вясна. Справу за фота з «абразлівым надпісам» у Instagram разглядалі наўпрост у берасцейскім СІЗА. Пры гэтым, у пастанове суда адзначана, што працэс «праходзіў у адкрытым рэжыме». Вядома, што берасцеец вярнуўся ў Беларусь праз зварот у камісію па вяртанні, але гэта не выратавала яго ад пераследу. Прысуд вынесла Марыя Аліферук.

Першы раз Ігара Неміровіча затрымалі напачатку траўня 2022 года і адразу змясцілі пад хатні арышт, але ён збег і з'ехаў. Восенню гэтага года ён звярнуўся ў камісію па разгляду зваротаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, і вярнуўся дадому, але гэты факт не прызналі «безумоўнай падставай для вываду аб яго раскаянні». 27 верасня 2023 года яго зноўку затрымалі і змясцілі пад варту.

Згодна версіі абвінавачвання, 10 жніўня 2020 года Ігар Неміровіч размясціў у Instagram фота з тэкстам у «непрыстойнай форме, прыніжаючае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі, якое змяшчала негатыўную ацэнку і зʼяўлялася абразлівым у адносінах да яго».

На працэсе Ігар віну прызнаў цалкам і распавёў, што з траўня па жнівень 2020 года ён не жыў у Беларусі. Пра падзеі, якія адбываліся на радзіме, берасцеец даведваўся са сродкаў масавай інфармацыі. «Паддаўшыся негатыўным эмоцыям ад асвятляных падзей», ён размясціў у сацыяльнай сетцы Instagram фотавыяву «абразлівага характару» ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Раней, пры допыце яго ў якасці абвінавачанага, ён адмаўляў сваё дачыненне да гэтага, «паколькі баяўся магчымага наступу крымінальнай адказнасці». Але, паводле Неміровіча, па сканчэнні пэўнага часу, ён усё пераасэнсаваў.

З матэрыялаў справы стала вядома, што выяву з Лукашэнкам міліцыянты знайшлі ў Instagram на старонцы Неміровіча 28 сакавіка 2022 года, бо тая сторыз ад 10 жніўня 2020 года была замацавана ў «актуальных». Менш чым за месяц была праведзена экспертыза, якая паказала, што ў скрыншоце гісторыі маецца «негатыўна ацэнка Лукашэнкі».

У выніку суддзя Марыя Аліферук прызначыла Ігару Неміровічу адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

яс