Адразу два дзяржаўныя выданні Беларусі апублікавалі інтэрв'ю з колішнім украінскім вайскоўцам, які пасля звальнення з Узброеных сіл Украіны праз пэўны час пасля ваеннага ўварвання Расіі і ўдзелу ў баявых дзеяннях прыехаў у Беларусь нібыта да сваёй дзяўчыны.
«Праваахоўныя органы Гомельскай вобласці праводзяць праверку некалькіх жаўнераў Узброеных сіл Украіны, якія апынуліся на тэрыторыі рэгіёну. Іх далейшы лёс пакуль не зразумелы – прычыны пранікнення ў Беларусь ва ўсіх розныя», – адзначаецца ў публікацыі sb.by.
Выданне публікуе інтэрвʼю з украінцам, які прадставіўся Рыгорам з Жытомірскай вобласці. Ён адзін выхоўваў дачку і жыў разам з маці і бацькам-інвалідам. Украінец, паводле выдання, расказаў, што яго мабілізавалі, ён ваяваў пад Бахмутам, а потым ахоўваў мяжу ў Харкаўскай вобласці і ўжо адтуль напісаў рапарт аб звальненні з войска.
На пытанні выдання ён адказвае кароткімі сказамі. Усе іншыя дэталі ягонай гісторыі выкладзеныя ў пераказе супрацоўніка sb.by.
У рэгіянальным выданні «Гомельская праўда» размясцілі аналагічную публікацыю. У яе пачатку апісалі, у якім стане знаходзіўся суразмоўца:
«Рыгору крыху больш за 40. Ён, не адрываючыся, глядзіць у падлогу. Густое шчацінне на твары, стомленыя вочы, разгублены позірк, апушчаныя плечы».
Выданне адзначыла, што «цяпер Рыгор праходзіць неабходныя фільтрацыйныя працэдуры разам з яшчэ двума грамадзянамі Украіны».
У той жа час абодва выданні не ўдакладняюць, якім чынам іншыя колішнія ўкраінскія вайскоўцы апынуліся на тэрыторыі Беларусі.
Як Свабодзе паведамілі крыніцы ў праваахоўных органах Украіны, пакуль няма дакладнай інфармацыі аб тым, як гэтыя ўкраінцы трапілі на беларускую тэрыторыю, але магчымы два варыянты – яны трапілі ў палон або здрадзілі прысязе.
Раней ва Украіне паведамілі аб узяцці ў палон трох грамадзян Беларусі, якія ваявалі ў складзе расейскіх вайсковых падраздзелаў на тэрыторыі Украіны.
svaboda.org/вх