Беларуская Служба

КПЧ зарэгістраваў скаргу Максіма Знака

11.01.2024 07:40
Нагадваем, адвакат Максім Знак ужо больш за 3 гады (з 9 верасня 2020 года) знаходзіцца ў зняволенні.
Максім Знак https://www.defendersbelarus.org/news/tpost/2g2afn9cu1-segodnya-kpch-zaregistriroval-zhalobu-ma

Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) зарэгістраваў скаргу Максіма Знака, пададзеную 4 лютага 2023 года, паведамляе «Права на абарону».

У паведамленні заяўлена аб парушэнні правоў Максіма з прычыны яго неправамернага крымінальнага пераследу, у прыватнасці, права на свабоду (артыкул 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), права на справядлівае судовае разбіральніцтва (артыкул 14), права на свабоду выказвання меркавання (артыкул 19) і свабоду асацыяцый (артыкул 22), а таксама аб дыскрымінацыйным характары пераследу (артыкул 26).

У адпаведнасці з правіламі працэдуры Камітэта па правах чалавека на працягу шасці месяцаў з моманту рэгістрацыі (не пазней за 10 ліпеня 2024 года) Беларусь можа прадставіць свае каментары на індывідуальнае паведамленне.

Нягледзячы на дэнансацыю Рэспублікай Беларусь факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, за Беларуссю захоўваюцца ўсе абавязацельствы ў дачыненні да індывідуальных паведамленняў, пададзеных да даты ўступлення рашэння аб дэнансацыі ў сілу (гэта значыць да 8 лютага 2023 года).

КПЧ упаўнаважаны даваць прававую ацэнку на прадмет парушэння дзяржавай правоў чалавека. Экспертная думка КПЧ нікім не можа быць аспрэчана, у гэтым сэнсе яна мае абавязковы характар.
Раней былі рэалізаваны дзве міжнародныя працэдуры абароны правоў М. Знака: Рабочая група па адвольных затрыманнях прызнала, што пазбаўленне Максіма Знака свабоды не мела прававых падстаў і ён павінен быць безумоўна вызвалены; група спецыяльных дакладчыкаў ААН таксама заклікала ўлады Беларусі вызваліць Максіма Знака як затрыманага па палітычных прычынах.

Нагадваем, адвакат Максім Знак ужо больш за 3 гады (з 9 верасня 2020 года) знаходзіцца ў зняволенні. 6 верасня 2021 года ён быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі. З лютага мінулага года Максім цалкам пазбаўлены сувязі са знешнім светам: адміністрацыя папраўчай калоніі № 3 (п. Віцьба) не дае яму спатканняў са сваякамі і не дапускае да яго адваката, пазбавіла яго тэлефонных званкоў і перапіскі.

Такое абыходжанне са зняволенымі ў міжнароднай практыцы прызнаецца катаваннямі. Многія прафесійныя суполкі юрыстаў і праваабарончыя арганізацыі выказалі сваю салідарнасць з Максімам Знакам і далучыліся да грамадскай кампаніі, якая патрабуе спыніць яго катаванні.

аз