Беларуская Служба

Следчы камітэт пачаў «спецвытворчасць» супраць двух жыхароў Віцебскай вобласці

19.03.2024 14:15
«Спецвытворчасць» прадугледжвае магчымасць судовага разбіральніцтва ў адсутнасць падсуднага.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота svaboda.org

Следчыя распачалі «спецвытворчасць» супраць праваабаронцы і журналіста Ігара Казмерчака.

Заснавальніка незалежнага Аршанскага рэгіянальнага парталу Orsha.eu вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмізму», а яшчэ – у публічнай абразе прэзідэнта. Ігар Казмерчак быў таксама ўласнікам «Цудоўнай крамы» у Оршы, дзе прадаваліся сувеніры, у тым ліку ў нацыянальным стылі. 20 ліпеня 2021 года ён быў вымушаны спыніць дзейнасць крамы пад ціскам сілавых структур і пакінуць Беларусь. Аршанскі рэгіянальны партал быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі. У лістападзе 2023 года Казмерчак даведаўся, што на ягоную аршанскую кватэру накладзены арышт.

Следчы камітэт таксама пачаў «спецвытворчасць» супраць Людмілы Барэйка.

Яна паходзіць з Глыбокага, але ўжо некалькі год вымушана жыве за мяжой. Жанчыну вінавацяць паводле арт. 188 Крымінальнага Кодэкса (Паклёп). У сакавіку 2020 года Людміла Барэйка дала інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, які завітаў тады ў Глыбокае. Менавіта там яна прыгадала казку Карнея Чукоўскага «Тараканішча» пра таракана, які ўсіх трымаў у страху, але высветлілася, што яго можна проста расціснуць. Гэта відэа на канале «Краіна для жыцця» паглядзелі больш за 1,5 млн чалавек. «Стоп таракан!» стаў лозунгам палітычнай кампаніі Ціханоўскага.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск