Беларуская Служба

У Беларусі судзяць журналіста Ігара Карнея за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні

19.03.2024 19:04
Прапагандысты пішуць, што журналіста Ігара Карнея судзяць за супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ)
Ігар КарнейFoto: крыніца: Радыё Свабода

Судовы працэс распачаўся а 10-й раніцы ў Мінскім гарадскім судзе. Справу Ігара Карнея разбірае суддзя Сяргей Кацэр. Журналіста вінавацяць паводле часткі 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання з мэтамі здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці).

Ігар Карней у судзе. 19 сакавіка 2024 года. Ігар Карней у судзе. 19 сакавіка 2024 года.


Санкцыя па гэтым артыкуле – абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Пад вартай Ігар Карней знаходзіцца ўжо 8 месяцаў.

Яго затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года – як было абвешчана сваякам, на 10 сутак. Падчас ператрусу сілавікі забралі кампутар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі, а журналіста адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Праваабаронцы зрабілі выснову, што Карней затрыманы ў межах крымінальнай справы, і таму праз 10 дзён яго мусяць альбо вызваліць, альбо высунуць абвінавачанне. Па сканчэнні гэтага тэрміну на волю Ігар Карней не выйшаў, з ІЧУ яго перавялі ў мінскі СІЗА № 1, дзе трымаюць пад вартай дагэтуль.

***

Ігар Карней працаваў у журналістыцы са студэнцкіх гадоў. Напрыканцы 1980-х разам з сябрамі і аднадумцамі ён стварыў у Оршы моладзевую незалежную газету «Лидер». Таксама друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда», з 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам штотыднёвіка «Свободные новости». У 2000 годзе прыйшоў на «Радыё Свабода». Вядома, што 15 лістапада 2020 года Ігара Карнея затрымлівалі падчас аднаго з мірных маршаў у Мінску. Тады яго пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне.

У апошнія гады Карней працаваў як журналіст-фрылансер. У прыватнасці, пісаў для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел». Да гэтых мясцінаў ён мае асаблівы сантымент, бо нарадзіўся недалёка ад Крэва. Апрача краязнаўства, Ігар мае яшчэ адно захапленне – падарожжы. Разам з сям’ёй ён наведаў шмат розных мясцін – ад паездак па Беларусі да самых экзатычных кропак Лацінскай Амерыкі ці Азіі.

1 студзеня 2024 года Ігару Карнею споўнілася 56 гадоў. Гэтую дату ён сустрэў ужо за кратамі.

baj.media/вх