Беларуская Служба

Расійскаму палітыку прыйшлося апраўдвацца за Лукашэнку, які заявіў, што тэрарысты з «Крокуса» ехалі спачатку ў Беларусь

27.03.2024 18:25
Лукашэнка раней казаў, што тэрарысты, якія ўчынілі тэракт у канцэртнай зале, першапачаткова ехалі ў бок беларускай мяжы.
 .
Аляксандр Лукашэнка.Фота: ТАСС

Кіраўнік партыі «Справядлівая Расія — За праўду» Сяргей Міронаў пракаментаваў RTVI заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што падазраваныя ў тэракце ў «Крокус Сіці Холе» ехалі ў Беларусь, а не ва Украіну, як сцвярджаюць расійскія ўлады.

Расійскі палітык адзначыў, што «бацька ў нас малайчына», бо "калі дзесьці нешта здараецца, трэба абавязкова паглядзець, што ў сябе дома, і засцерагчы".

- Гэта першае. А насамрэч памяніце маё слова: у бліжэйшы час з'явяцца доказы дачынення кіеўскага рэжыму да гэтага тэрарыстычнага акту. І ў мяне ўжо такія звесткі ёсць, - заявіў Міронаў, але звесткамі не падзяліўся.

Раней Аляксандр Лукашэнка сказаў, што тэрарысты, якія ўчынілі тэракт у канцэртнай зале, першапачаткова ехалі ў бок беларускай мяжы. Гэтая заява ставіць пад сумнеў сцвярджэнне Пуціна і іншых расійскіх чыноўнікаў аб тым, што ўдзельнікі нападу загадзя рыхтаваліся да адступлення ва Украіну. Так, напрыклад, кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў 26 сакавіка заявіў, што нападнікі «Крокуса» адразу накіраваліся ў бок Украіны.

«Зеркало» нагадвае, што выданне Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы пісала, што сярод знаёмых ім прадстаўнікоў расійскай палітычнай і бізнес-эліты "амаль ніхто" не верыць, што за атакай тэрарыстаў на "Крокус Сіці Хол" стаяла Украіна. У МЗС РФ назвалі публікацыю "шэдэўральнай навіной" і "проста маці ўсіх фэйкаў".

У Кіеве цалкам адмаўляюць дачыненне да тэракту. У той жа час афганскае падраздзяленне тэрарыстычнай арганізацыі "Ісламская дзяржава" "Вілаят Хорасан" неаднаразова заяўляла, што бярэ на сябе адказнасць за гэты напад.

Заходнія краіны, у тым ліку ЗША, Вялікабрытанія і Германія, з самага пачатку заяўлялі, што Украіна не мае ніякага дачынення да таго, што адбылося ў «Крокус Сіці Холе».

нг