Беларуская Служба

Латушка прапанаваў аднавіць дзеянне праграмы Poland. Business Harbour

11.04.2024 14:20
Павел Латушка заклікаў выдаваць гуманітарныя візы беларусам у трэціх краінах, павялічыць тэрмін дзеяння польскіх праязных дакументаў да трох гадоў.
K
Kіраўнік НАУ Павел Латушкаwww.youtube.com/@CabinetBelarus/скрыншот

З мэтай палягчэння легалізацыі і вядзення бізнесу беларусамі ў Польшчы намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка прапанаваў аднавіць дзеянне праграмы Poland. Business Harbour (PBH).

АПК паведамляе, што Латушка зрабіў адпаведную заяву падчас выступу на канферэнцыі «Міграцыя як палітычная, сацыяльная і эканамічная праблема», якая адбываецца ў польскім Слесіне.

Паводле слоў Паўла Латушкі, «амаль чатыры гады бесперапынных рэпрэсій прывялі да таго, што ў Польшчы аказаліся тысячы беларусаў».

«Больш за 6 тыс. прадпрыемстваў, адным з акцыянераў у якіх з’яўляецца беларуская кампанія ці грамадзянін Беларусі, дзейнічалі ў Польшчы ў 2023 годзе, — сказаў кіраўнік НАУ. — 12 тыс. [беларусаў] займаліся аднаасобнай гаспадарчай дзейнасцю. 122 тыс. <…> плацілі сацыяльныя ўзносы ў Польшчы. Больш за 12 тыс. студэнтаў <…> вучыліся ў Польшчы. Большасць беларусаў, якія пакінулі дом, апынуліся менавіта ў Польшчы. Яны хочуць легальна працаваць, вучыцца, плаціць падаткі, развіваць сваю справу».

У сувязі з гэтым Латушка прапанаваў таксама спрасціць магчымасці падаўжэння гуманітарных ВНЖ, выдадзеных у Польшчы, а таксама «выдачы гуманітарных віз не толькі асобам, якія трапілі пад рэпрэсіі, але і іх сваякам».

Ён заклікаў выдаваць гуманітарныя візы беларусам у трэціх краінах, павялічыць тэрмін дзеяння польскіх праязных дакументаў да трох гадоў, пазбавіць дыскрымінацыі беларусаў у Польшчы “пры ўсіх формах узаемадзеяння з прыватнымі арганізацыямі і дзяржавай, напрыклад, пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў”.

Важным, на думку палітыка, з’яўляецца спрашчэнне працэдуры падачы заявы аб рэгістрацыі шлюбу, урэгуляванне праблем пенсійнага забеспячэння [беларусаў у Польшчы], зніжэнне патрабаванняў у прадастаўленні беларускімі студэнтамі дакументаў для паступлення і працягу вучобы.

Латушка накіраваў зварот намесніку міністра ўнутраных спраў Польшчы і ваяводзе Ніжнесілезскага ваяводства з просьбай аб правядзенні сустрэчы і пошуку рашэнняў для паскарэння выдачы дакументаў грамадзянам Беларусі, якія жывуць у гэтым рэгіёне.

Што адбылося з праграмай Poland. Business Harbour?

26 студзеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэнне прыпыніць удзел МЗС у PBH да прыняцця пастаноў, якія гарантуюць «належную праверку кампаній і замежнікаў, якія з’яўляюцца яе ўдзельнікамі».

Паводле ацэнкі міністэрства, праграма «не апраўдала ўскладзеных на яе надзей». «Сярод іншага, у грамадскай прасторы выказваліся сумневы з нагоды выкарыстання віз, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, якія не адпавядаюць яе прынцыпам», — адзначыла МЗС.

Замежнікі, якія прэтэндуюць на працу ў польскім ІТ-сектары, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на атрыманне візы на агульных падставах і пры выкананні ўсіх патрабаванняў атрымаць дазвол на працу на тэрыторыі краіны.

Пры гэтым МЗС заяўляе, што «пачне працу па спрашчэнні візавых працэдур для прадстаўнікоў бізнес-сектара, асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай».

Намеснік дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС Польшчы Ганна Костшава-Мішталь 20 верасня 2023 года на III Беларускім бізнес-форуме ў Варшаве паведаміла, што за тры гады ў рамках PBH было выдадзена амаль 90 тыс. віз.

Праграма Poland Business Harbour была створана ў верасні 2020 года з мэтай прыцягнення ў Польшчу ІТ-спецыялістаў і кампаній з Беларусі, а затым была пашырана на такія краіны, як Грузія, Расія, Украіна, Малдова і Арменія.

pozirk.online/вх