Беларуская Служба

Чарговая міжнародная кампанія пакідае Беларусь 

13.05.2024 15:33
Eleving Group – кампанія, заснаваная ў Латвіі, якая працуе ў сферы фінансавых тэхналогіяў. 
Ілюстрацыя Фота: BalanceFormCreative/Shutterstock.com

Міжнародная лізінгавая кампанія Eleving Group сышла з беларускага рынку. Так вынікае з квартальнай справаздачы, у якой паведамляецца аб продажы беларускай дачкі кампаніі, -  паведамляе reform.news.

У справаздачы, у прыватнасці, адзначаецца, што ў студзені група атрымала ўсе неабходныя дазволы ад беларускіх уладаў на продаж Mogo Belarus (беларуская дачка Eleving Group).

«Можна лічыць, што Eleving Group паспяхова сышла з адпаведнага рынку. Па стане на красавік большая частка выплатаў па бізнесе атрыманая», – гаворыцца ў справаздачы.

У аўдытарскім заключэнні да справаздачнасці беларускай кампаніі адзначаецца, што доля была прададзеная фізічнай асобе-нерэзідэнту 11 студзеня 2024 года. Сума кантракту не разгалошваецца.

Eleving Group – кампанія, заснаваная ў Латвіі, якая працуе ў сферы фінансавых тэхналогіяў. Асноўны напрамак дзейнасці – лізінг аўтамабіляў для фізічных асобаў. Пасля выхаду з Беларусі кампанія застаецца прысутнічаць у 16 краінах.

Нагадаем, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварванне Расіі ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі, з краіны пачаў сыходзіць буйны капітал. У топ-15 кампаній, якія сышлі з Беларусі толькі ў 2023 годзе, выданне Dev.by уключыла такія кампаніі, як Playgendary, Gurtam, Akveo, SK hynix  і шматлікія іншыя.


эж