Уладзімір Мядзінскі заклікаў „прыйсці да максімальнай збалансаванасці” пры выкладанні гісторыі Расіі і Беларусі, паведамляе Pozirk.online са спасылкай на ТАСС.
На думку Мядзінскага, які таксама з'яўляецца сустаршынёй сумеснай расійска-беларускай камісіі па гісторыі, такі падыход неабходны і ў школьнай, і ў прафесійна-тэхнічнай, і ў вышэйшай адукацыі.
Крокам да рэалізацыі гэтай задачы ён лічыць новы падручнік па гісторыі 5-9 класаў, які ахоплівае перыяд ад станаўлення старажытных славян да 1912 года.
Мядзінскі адзначыў, што створаная пры згаданай камісіі (з беларускага боку яе ўзначальвае старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка) расійска-беларуская рада сфарміравана дзеля абароны „гістарычнай праўды” і фарміравання „адзінага ўяўлення пра дабро і зло”, дзеля „агульнай будучыні” Расіі і Беларусі.
Пра тое, што Расія і Беларусь дамовіліся аб стварэнні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ, заявіў 1 лютага на пасяджэнні праграмнай камісіі „Адзінай Расіі” пасол РФ у Мінску Барыс Грызлоў.
Расійскі пасол падкрэсліў, што гэта „тэма вельмі важная, таму што да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюза, і ў гісторыі яшчэ Расійскай імперыі”.
яс