Беларуская Служба

Шэраг мерапрыемстваў пройдзе сёння да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі

19.05.2024 09:23
Так, 19 траўня а 14:00 на пляцы каля помніка Каперніку ў Варшаве адбудзецца адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Муры», прысвечанай беларускім палітвязням.
.
..

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём палітвязня. Сёлета будзе ўжо трэцяя гадавіна са дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблем не аказання належнай медыцынскай дапамогі ў месцах няволі, і ў чарговы раз запатрабаваць ад рэжыму вызвалення ўсіх палітзняволеных.

Прынагодныя мерапрыемствы праходзяць значна даўжэй, чым адзін дзень - 18-26 траўня.

Сёння, 19 траўня, акцыі пройдуць у Лондане, Гданьску, Нью-Ёрку, Рыме, Шчэціне і Варшаве.

Так, 19 траўня а 14:00 на пляцы каля помніка Каперніку ў Варшаве адбудзецца адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Муры», прысвечанай беларускім палітвязням.

Выстава «Муры» — сімвалічнае адлюстраванне той сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца беларускае грамадства. Выстава мае інтэрактыўную і інтэрперсанальную форму і не толькі інфармуе гледача пра лёс беларускіх палітвязняў, якія сёння за кратамі, але і эмацыйна ўцягвае ўдзельнікаў да больш глыбока разумення праблем беларускага грамадства, прага да дэмакратычных зменаў якога жорстка растоптваецца чорнымі ботамі сілавікоў.

Выстава названа ў гонар асаблівай для Польшчы і Беларусі песні «Муры». Першы раз яна прагучала падчас антыкамуністычных пратэстаў у Польшчы ў 1989 годзе, а праз шмат гадоў стала сімвалам пратэстаў супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі.

Выстава «Муры» арганізавана Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» пры дапамозе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Музея Вольнай Беларусі, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Reforum Space Warsaw, Беларускага Радыё Рацыя.

Поўны спіс мерапрыемстваў на старонцы "Вясны".

ав