Беларуская Служба

Лукашэнка зрабіў перастаноўкі ў КДБ, раскрытыкаваў за «мышкование типа крышевания»

20.05.2024 15:30
Прэс-служба Лукашэнкі перадае ягоную крытыку ў бок КДБ за незаконныя паборы з неназваных бізнесоўцаў.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе са старшынём КДБ Іванам ЦерцелемФота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 20 траўня прыняў нейкія «кадравыя рашэнні ў структуры органаў дзяржаўнай бяспекі». Каго зняў і прызначыў, не паведамляюць. Але прэс-служба Лукашэнкі перадае ягоную крытыку ў бок КДБ за незаконныя паборы з неназваных бізнесоўцаў, піша Белсат.

На нарадзе са старшынём КДБ Іванам Церцелем і яшчэ прынамсі двума непаказанымі і неназванымі людзьмі ў форме Аляксандр Лукашэнка расказаў аб кадравых перастаноўках неназваных людзей у органах дзяржаўнай бяспекі.

Лукашэнка распавядаў Церцелю і ананімам, што Беларусі пагражаюць «палякі, літоўцы і латышы», якія не цэняць бязвізавы рэжым, адказваюць на гасціннасць інфармацыйнымі войнамі і закідваннем дыверсійных групаў, падрыхтоўкай «рознага роду ўзброеных атрадаў і ці ледзь не палкоў» з мэтай уварвання ў Беларусь, а таксама ўводам санкцыяў, якія ёсць «эканамічнай дыверсіяй і вайной супраць Беларусі».

Але галоўнай прычынай сустрэчы Лукашэнка назваў пытанні недапушчэння карупцыі і «крышевания» з боку органаў дзяржаўнай бяспекі, праваахоўных органаў і контрвыведкі. «Крышевание» – расійская назва крымінальнай практыкі забеспячэння абароны бізнесу за пастаянную плату.

Лукашэнка казаў, што такое «мышкование типа крышевания» прынятае ў іншых дзяржавах, пра што ён ведае з фільмаў па тэлевізіі, але ў Беларусі такога быць не павінна. Ён заклікаў КДБ і іншыя ведамствы, звязаныя з выведкай і контрвыведкай, не забываць пра барацьбу з унутранымі праблемамі.

ав/Белсат