Беларуская Служба

75% фірмаў і ІП для рэлакацыі альбо адкрыцця бізнесу з нуля абралі Польшчу

23.05.2024 07:59
Апублікаваныя новыя лічбы пра стан беларускага бізнесу ў ЕС.
.
.foto: Pixabay.com/Buffik

У краінах Еўрасаюзу зарэгістраваныя 8623 кампаніі з беларускімі каранямі. 75% фірмаў і ІП для рэлакацыі альбо адкрыцця бізнесу з нуля абралі Польшчу, паведамляе Свабода.

Асноўныя праблемы беларусаў ва ўсіх краінах – фінансавыя, а таксама легалізацыя і нястача інфармацыі, сцвярджаюць у бізнес-асацыяцыі АВВА.

Толькі 24% беларускіх прадпрымальнікаў, якія зарэгістравалі бізнес у краінах Еўрасаюзу, задаволеныя падтрымкай краін, якія іх прынялі. Самая прыязная – Польшча. У краінах Балтыі ўмовы рэлакацыі, легалізацыі беларусаў істотна пагоршыліся, кажуць у бізнес-асацыяцыі АВВА.

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) правяла даследаванне: колькі беларускага бізнесу працуе ў ЕС; якія бізнес-настроі ў прадпрымальнікаў; як яны абіраюць краіну для бізнесу і якая краіна найбольш папулярная; ці карыстаюцца беларускія бізнесоўцы дзяржаўнымі праграмамі падтрымкі бізнесу ў краінах ЕС.

Было апытана 125 прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца на этапе запуску, станаўлення ці сталасці прадпрыемстваў на рынках ЕС.

Для 41% рэспандэнтаў бізнес быў менавіта рэлакаваны з Беларусі, астатнія пачалі ці пачынаюць дзейнасць з нуля. Паводле стану на 1 студзеня 2024 году ў краінах ЕС зарэгістраваныя 8623 кампаніі з беларускімі бенефіцыярамі. З іх пераважная большасць у Польшчы – 75%. 10% – у Літве, 7% – у Эстоніі, 4% – у Латвіі, і яшчэ 4% у іншых краінах.

У 2023 годзе беларусы зарэгістравалі 1761 кампанію (у 2022 годзе было 1945). У Польшчы з’явіліся 1694 новыя фірмы, 58 – у Літве, 9 – у Эстоніі.

ав/Свабода