Беларуская Служба

Новы кіраўнік Генштаба Беларусі заклікаў «прасекчы калідор у Літву»

23.05.2024 12:40
Павел Муравейка раней займаў пасаду першага намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі.
 .
Павел Муравейка.Фота: zviazda.by

Аляксандр Лукашэнка 23 мая прызначыў новага начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл - першага намесніка міністра абароны. Ім стаў генерал-маёр Павел Муравейка, які раней займаў пасаду першага намесніка дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі - піша Хартыя'97.

Пры прызначэнні Паўла Муравейкі начальнікам Генштаба — першым намеснікам міністра абароны Лукашэнка падкрэсліў важнасць таго, каб той працаваў з міністрам абароны Віктарам Хрэніным:

- У нас міністр абароны ёсць міністр абароны, і яму падпарадкаваны ўсе ў Міністэрстве абароны. Але, тым не менш, начальнік Генеральнага штаба мае пэўную самастойнасць. Непасрэдна займаецца планаваннем і рэалізацыяй тых ці іншых вайсковых мерапрыемстваў. Усім тым, чым жывуць войскі. Вельмі тонкая мяжа паміж міністрам абароны і начальнікам Генштаба, - заявіў Лукашэнка.

Муравейка вядомы тым, што заклікаў «прасекчы калідор у Літву».

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Паводле ўсіх нормаў міжнароднага права такі крок належыць да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі.

І ў іншых бы ўмовах нас бы ніхто ў свеце не асудзіў, смею меркаваць. Але не ў цяперашніх, калі на краіну здзяйсняецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду», – казаў тагачасны намеснік кіраўніка Савета бяспекі Муравейка.


Павел Муравейка раней займаў пасаду першага намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі. Яму 52 гады.

Нарадзіўся ў Мар'інай Горцы. У 1992-м скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Потым паступіў у Ваенную акадэмію, якую скончыў у 2001-м. Таксама вучыўся ў Акадэміі Генштаба РФ і скончыў яе ў 2008-м з залатым медалём.

20 чэрвеня 2013 года назначаны намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — начальнікам Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Міністэрства абароны.

10 лютага 2022 года назначаны першым намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі.

нг