Беларуская Служба

Жыхара Мінска арыштавалі за бардова-ружовыя шторы на акне: даносчык і міліцыя ўбачылі ў іх «схему БЧБ»

27.05.2024 11:39
У Мінску прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле аб «несанкцыянаваным пікетаванні» жыхара Першамайскага раёна.
   .
Міліцыянт у будынку суда. Фота: TUT.BY

Шторы на вакне нагадалі камусьці бел-чырвона-белы сцяг – і гэты чалавек выклікаў міліцыю.

Дэталі сталі вядомыя з апублікаванага рашэння суда.

Пасля званка ў 102 ад невядомага «пільнага грамадзяніна» (ці грамадзянкі) міліцыя прыехала да дома мінчука позна ўвечары, каля паловы на адзінаццатую. Супрацоўнікі РУУС зафіксавалі наяўнасць штор на акне і аформілі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП.

«Парушыў парадак правядзення масавага мерапрыемства, што выявілася ў актыўным удзеле ў… пікетаванні, якое выявілася ў размяшчэнні ў акне кватэры шторы ў выглядзе незарэгістраванай сімволікі, а менавіта бел-чырвона-белага сцяга. Гэтыя дзеянні здзейснены без дазволу Мінгарвыканкама з мэтай публічнага выказвання негатыўнага стаўлення ў дзейнай уладзе», – гаворыцца ў пратаколе.

Мінчанін быў адразу ж затрыманы і змешчаны ў ізалятар, правёў там амаль суткі і быў адпушчаны, здаецца, вечарам наступнага дня пасля афармлення дакументаў па справе. Суд над ім адбыўся 26 красавіка.

На паседжанні мужчына не прызнаў віну. Ён заявіў, што шторы на яго акне зусім не бела-чырвоныя, а бардовыя ў цэнтры і светлыя па баках, і ніякага пікетавання ён не праводзіў. У судзе выступіла сведка – верагодна, член яго сямʼі або знаёмая. Яна сказала, што сама купляла ў кватэру гэтыя шторы, якія ўяўляюць сабой спалучэнне бардовых, ружовых і празрыстых палотнаў – каб лепш рэгуляваць асвятленне пакоя.

Пры гэтым у матэрыялах справы мелася апісанне «месца правапарушэння», складзенае міліцыянтамі пры затрыманні мужчыны. Згодна з дакументам, пры аглядзе яны знайшлі ў пакоі шторы-жалюзі, размешчаныя ў наступным парадку: празрыстая з іерогліфамі, ружовая, чырвоная і белая. Была прыкладзена і фатаграфія акна кватэры – і суд прыйшоў да высновы, што шторы размешчаны менавіта ў «бел-чырвона-белым спалучэнні».

У выніку мінчаніна прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні і прыгаварылі да трох сутак адміністрацыйнага арышту.

Мужчына паспрабаваў абскардзіць рашэнне суда, заявіў, што яно неабʼектыўнае і яго невінаватасць пацвярджаецца паказаннямі сведкі і фатаграфіямі штор. Аднак Мінгарсуд прызнаў рашэнне раённага суда «законным і справядлівым», яго пакінулі без зменаў.

zerkalo.io/вх

Ты за свае правы можаш выйсці, а паспрабуй за іх пасядзець — палітзняволеная пра вызваленне людзей у Беларусі

22.05.2024 14:18
Палітзняволеныя расказваюць пра надзвычай жорсткае стаўленне сілавікоў, катаванні холадам, фізічны гвалт, адсутнасць медыцынскай дапамогі.

У кватэрах кандыдатаў у КС ад кааліцыі Латушкі і іх сваякоў у Беларусі прайшлі ператрусы

24.05.2024 07:15
Па месцы рэгістрацыі кандыдатаў у Каардынацыйную раду ад кааліцыі Паўла Латушкі ў Беларусі прайшлі ператрусы.

Дачка палітзняволенай Алены Гнаўк выехала ў Польшчу з трыма дзецьмі. Ідзе збор сродкаў на дапамогу

27.05.2024 07:15
Аляксандра Семянюк, дачка палітзняволенай пенсіянеркі Алены Гнаўк, з'ехала з Беларусі з трыма дзецьмі.