Беларуская Служба

У Беларусі плануюць змякчыць пакаранне па шэрагу крымінальных злачынстваў

31.05.2024 10:37
У артыкулы кодэксу, у якіх прапісаныя больш за 90 складаў злачынстваў, плануецца дадаць мякчэйшыя, чым зняволенне, віды пакаранняў.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

У Беларусі вядзецца праца па аптымізацыі Крымінальнага кодэксу. Падрыхтаваны законапраект аб яго змяненні. У некаторыя артыкулы будуць дададзеныя варыянты больш мяккага, чым зняволенне, пакарання, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Міжведамасная працоўная група атрымала каля 350 прапановаў па аптымізацыі КК ад дзяржаўных органаў і арганізацыяў, суддзяў, парламентарыяў, правазнаўцаў. Пасля іх абмеркавання ў артыкулы кодэксу, у якіх прапісаныя больш за 90 складаў злачынстваў, плануецца дадаць мякчэйшыя, чым зняволенне, віды пакаранняў. Цяпер па 36 з гэтых складаў злачынстваў прадугледжанае толькі пазбаўленне волі. Пра якія менавіта злачынствы і артыкулы ішла гаворка, не ўдакладняецца.

На пачатку 2024 года Лукашэнка запатрабаваў правесці рэвізію Крымінальнага кодэксу. Была створаная працоўная група па аптымізацыі заканадаўства аб крымінальнай адказнасці.

яс/Белсат