Беларуская Служба

Сродкі інавацыйнага фонду Гомельскага аблвыканкама дасталіся вытворцу ваеннай оптыкі

31.05.2024 11:08
Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» правёў закуп трох фрэзерных апрацоўчых цэнтраў з лічбавым праграмным кіраваннем Siemens агульным коштам 5 млн рублёў.
           MILEX-2021
Аптычныя прыцэлы ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» на аўтаматах на выставе ўзбраенняў «MILEX-2021»крыніца: Флагшток

Рагачоўскі вытворца аптычных прыбораў ваеннага прызначэння праводзіць мадэрнізацыю за кошт інавацыйнага фонду, паведамляе «Флагшток».

28 траўня ААТ Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» правёў закуп трох фрэзерных апрацоўчых цэнтраў з лічбавым праграмным кіраваннем Siemens агульным коштам 5 032 379 рублёў. Закупка была праведзена з адной крыніцы пасля таго, як былі адхілены ўсе заяўкі, якія паступілі на раней аб'яўлены тэндэр. Пастаўка станкоў павінна адбыцца не пазней за 16 снежня 2024 года.

Набыццё станкоў ажыццяўляецца за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Гомельскага аблвыканкама. Для Рагачоўскага завода «Дыяпраектар» гэта ўжо не першая пакупка абсталявання за кошт сродкаў інавацыйнага фонду аблвыканкама. У 2023 годзе завод за гэтыя сродкі набыў вакуумную ўстаноўку і фрэзерны апрацоўчы цэнтр на агульную суму амаль 4 млн. рублёў.

Інавацыйны фонд Гомельскага аблвыканкама фарміруецца за кошт адлічэнняў у бюджэт ад прыбытку прадпрыемстваў. Сродкі інавацыйнага фонду выдзяляюцца на конкурснай аснове. Умовамі атрымання сродкаў зʼяўляецца інавацыйны характар ​​прадукцыі, экспартная арыентаванасць і высокі ўзровень дабаўленай вартасці. Вытворчасць якой менавіта прадукцыі прафінансавана з абласнога інавацыйнага фонду не паведамляецца. У 2022 годзе сродкі інавацыйнага фонду дасталіся ААТ «Гомсельмаш».

ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» спецыялізуецца на вытворчасці оптыкі ваеннага прызначэння: прыцэлы, прыборы начнога бачання, візіры для назірання за полем бою і т. п.
У ліпені 2023 года прадпрыемства было ўключана ў санкцыйны спіс Украіны за дапамогу расійскай агрэсіі. Акрамя таго завод зʼяўляецца ўдзельнікам холдынгу БелОМА, на які з красавіка 2022 года распаўсюджваюцца санкцыі ЗША.
яс

Чым цікавяцца беларуская і расійская разведкі ў Польшчы? Адказваюць экс-кіраўнікі польскіх спецслужбаў (ВІДЭА)

22.05.2024 06:01
Асяроддзе футбольных фанатаў даўно знаходзіцца ў сферы зацікаўлення расійскіх спецслужбаў – польскі генерал разведкі.