Беларуская Служба

Чатыры гады рэпрэсій: 1012 палітвязняў поўнасцю адбылі свой тэрмін

31.05.2024 13:24
Сяргей Ціханоўскі стаў першым палітвязнем у 2020 годзе ў Беларусі. З таго часу больш за 5 тысяч чалавек былі асуджаныя па палітычна матываваных крымінальных справах.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/viasna96

Беларускія праваабаронцы паведамілі пра маштабы рэпрэсій за чатыры гады.

Мінімум 5133 чалавекі былі асуджаныя па крымінальных справах за палітычную актыўнасць ці погляды. З іх амаль 2500 чалавек – за ўдзел у пратэстах, 51 – за «здраду дзяржаве», 90 – за данаты. 1012 чалавек поўнасцю адбылі свой тэрмін і выйшлі на волю з калоній.

Чатыры гады таму быў затрыманы Мікола Статкевіч. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Апошнюю інфармацыю пра палітвязня родныя Мікалая атрымалі 9 лютага 2023-га году — 477 дзён таму.

1 052 дні ўтрымліваецца за кратамі Алесь Бяляцкі. Менавіта столькі доўжылася ягонае зняволенне па першай крымінальнай справе: у 2011 годзе старшыню «Вясны» асудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі і паводле амністыі вызвалілі 21 чэрвеня 2014 года — праз 1 052 дні. Цяпер Алесь Бяляцкі асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. І на сённяшні дзень ён зноў знаходзіцца за кратамі 1 052 дні.

Па адміністрацыйных артыкулах за чатыры гады былі асуджаныя мінімум 36 418 чалавек, з іх 5300 – за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: так улады РБ называюць публікацыі незалежных блогераў і СМІ.

Самой маладой сярод палітвязняў Марыі Місюк 16 гадоў, яна грамадзянка Украіны. Самай старэйшай з вядомых – Наталлі Таран – 76 гадоў: летам 2022-га яе асудзілі на 3,5 гады пазбаўлення волі за абразу прадстаўнікоў улады.

Па дадзеных праваабаронцаў, на сённяшні дзень 254 палітвязняў знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі з-за стану здароўя. За чатыры гады ў месцах зняволення памерлі шэсць чалавек.

 Крыніца: DW Беларусь/ПЦ  «Вясна»