Беларуская Служба

БДУ страціў амаль 100 пазіцый у рэйтынгу ўніверсітэтаў свету за апошнія тры гады

06.06.2024 10:15
Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт увогуле не трапіў у рэйтынг, хоць у 2017 годзе ён займаў 772 месца.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/geralt

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у рэйтынгу QS World University за апошнія тры гады страціў амаль 100 пазіцый і спусціўся з 288 месца ў 2022 годзе на 387-ае ў 2024-ым. У 2018 годзе БДУ займаў 354-е месца, нагадвае «Свабода».

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) увайшоў у рэйтынг навучальных устаноў, якія знаходзіцца на 801-850 месцах, а Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі – 1201-1400.

Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт увогуле не трапіў у рэйтынг, хоць у 2017 годзе ён займаў 772 месца.

У рэйтынг уключаны 1 500 навучальных устаноў з 105 краін свету.

ЗША з’яўляюцца найбольш прадстаўленай краінай з 197 рэйтынгавымі ўстановамі, потым – Вялікабрытанія (90 навучальных устаноў) і Кітай (71). Трынаццаты год запар рэйтынг ачольвае Масачусэцкі тэхналагічны інстытут, на другім месцы – Імперскі каледж Лондана, трэцяе і чацвёртае месцы займаюць Оксфардскі і Гарвардскі ўніверсітэты адпаведна. На пятым месцы – Кембрыджскі ўніверсітэт.

Крытэры, паводле якіх адбіраюць універсітэты: акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя працадаўцы, суадносіны выкладчыкаў і студэнтаў, колькасць цытаванняў на выкладчыкаў, каэфіцыент міжнародных студэнтаў і міжнародных выкладчыкаў.

У 2022 годзе сяброўства Беларусі ў Балонскім працэсе прыпынілі. Маніторынг паказаў, што Беларусь не набліжаецца да выканання балонскіх прынцыпаў, але спрабуе гэтае набліжэнне імітаваць, а кожны раз, калі элементы Балонскага працэсу ўводзіліся ў беларускую сістэму адукацыі, яны фармалізоўваліся.
Разам з тым паўнавартасна ў Балонскі працэс Беларусь ніколі не ўваходзіла.

аз