Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Люксембурга падтрымку рэпрэсаваных, медыя і культуры

07.06.2024 12:12
Прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што Люксембург «далучыўся да групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ, падтрымаў ініцыятывы грамадзянскай супольнасці і незалежныя медыя, а таксама кантактную групу ў Радзе Еўропы, далучыўся да еўрапейскіх санкцый».
.
С. Ціханоўская Фота: Źródło: x.com/ Sviatlana Tsikhanouskaya @Tsihanouskaya

У Люксембургу праходзіць форум пра ролю нацыянальных парламентаў еўрапейскіх краін у вырашэнні праблем беларускай эміграцыі.

Падтрымку рэпрэсаваных і палітвязняў праз міжнародны гуманітарны фонд, незалежных мэдыя і грамадзянскай супольнасці, беларускай культуры абмеркавала дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская з віцэ-прэм’ерам – міністрам замежных спраў Люксембургу Ксавіе Бэтэлем, – піша інтэрнэт-выданне «Позірк».

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, сустрэча адбылася 6 чэрвеня перад пачаткам форуму «Люксэмбурскія рашэнні».

Акрамя Ціханоўскай, у ёй узялі ўдзел намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі і кіраўнік місіі дэмакратычных сіл у Бруселі Уладзімер Астапенка.

Сярод іншага бакі абмеркавалі выкананне рэкамендацый Парлямэнцкай асамблеі Рады Еўропы ў спрашчэнні візавага рэжыму і працэдур легалізацыі для беларусаў на ўзроўні ЭЗ, падрыхтоўку да саміту міру па Украіне (15-16 чэрвеня, Швейцарыя), саміту NATO (9-11 ліпеня, ЗША) і Генасамблеі ААН.

Прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што Люксембург «далучыўся да групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ, падтрымаў ініцыятывы грамадзянскай супольнасці і незалежныя медыя, а таксама кантактную групу ў Радзе Еўропы, далучыўся да еўрапейскіх санкцый». Акрамя таго, у парламенце гэтай краіны створана «група сяброў дэмакратычнай Беларусі».

эж