Беларуская Служба

Вядомага прапагандыста Марата Маркава прызначылі міністрам інфармацыі

13.06.2024 13:50
Новы міністр інфармацыі Беларусі знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЕС.
 .
Марат Маркаў.screenshot

Міністрам інфармацыі прызначаны Марат Маркаў, які дагэтуль узначальваў праўленне ЗАТ «Другі нацыянальны канал». Адпаведнае рашэнне 13 чэрвеня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

Пасаду Маркава на тэлеканале АНТ зойме Ігар Луцкі – былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер член Савета Рэспублікі.

Міністрам працы і сацыяльнай абароны стала Наталля Паўлючэнка, якая раней займала пасаду першага намесніка кіраўніка гэтага ведамства.

Марат Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лунінцы. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, служыў у беларускім войску 13 гадоў.

Затым скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў у Беларускім тэлеграфным  агенцтве (БелТА). Адтуль перайшоў у Адміністрацыю прэзідэнта, дзе дайшоў да пасады 1-га намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. У снежні 2011 года быў прызначаны намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі ў інфармацыйнай галіне. У сакавіку 2017 года прызначаны старшынёй праўлення АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»).

Марат Маркаў знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.

вх