Беларуская Служба

Краіны G7 асудзілі саўдзел Мінска ў вайне супраць Украіны і заклікалі вызваліць палітвязняў

15.06.2024 08:03
Адзначаецца, што «пад пільнай увагай» G7 застаецца абыходжанне афіцыйнага Мінска з палітвязнямі.
  G7
Удзельнікі саміту G7 у ІталііPAP/EPA/CIRO FUSCO

У сумеснай заяве падчас штогадовага саміту, які заканчваецца ў італьянскім Брындызі (13–15 чэрвеня), краіны «Вялікай сямёркі» (G7) асудзілі саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Як паведамляе італьянскае выданне Quotidiano Nazionale, лідары краін G7 таксама выказалі «занепакоенасць рэпрэсіямі рэжыму (Аляксандра Лукашэнкі) ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваё меркаванне».

Адзначаецца, што «пад пільнай увагай» застаецца абыходжанне афіцыйнага Мінска з палітвязнямі. G7 запатрабавала іх «неадкладнага і безумоўнага вызвалення».

«Позірк» нагадвае, што 19 красавіка на Капры (Італія) кіраўнікі МЗС краін G7 згадалі Беларусь па выніках сустрэчы «Падтрымка Украіны».

У дакуменце міністры асудзілі саўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне Расіі супраць Украіны.
Беларусь згадваецца ў выніковай заяве ў сувязі з размяшчэннем на яе тэрыторыі ядзернай зброі, што аўтары называюць часткай «безадказнай ядзернай рыторыкі Расіі і яе пазіцыі стратэгічнага запалохвання». Яны папярэдзілі, што любое прымяненне РФ хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі будзе мець сур’ёзныя наступствы.

У сустрэчы міністраў прымала ўдзел дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Яна пазначыла мэтай «вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня, каб міжнародная супольнасць адрознівала беларускі рэжым ад народа, а ізалюючы Лукашэнку, не ізалявала беларусаў».

У 2024 годзе Італія старшынюе ў G7, куды ўваходзяць таксама Вялікабрытанія, Германія, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

аз

У Італіі адкрыўся саміт G7: Украіне выдзеляць крэдыт на 50 млрд долараў

13.06.2024 14:21
Чакаецца, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпіша на саміце асобнае двухбаковае пагадненне аб бяспецы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Украіна і Японія заключылі пагадненне аб бяспецы

13.06.2024 18:06
Пагадненне было падпісанае на палях саміту G7, які сёння пачаўся ў Італіі.