Беларуская Служба

У Беларусі растуць цэны на нерухомасць. Хто купляе кватэры?

16.06.2024 08:51
Ад пачатку года сярэдні кошт кватэр у Мінску па фактычных здзелках павялічыўся на 8%.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: «Наша Ніва»

Рынак нерухомасці адчувае сябе даволі стабільна. Як паказвае статыстыка, колькасць здзелак расце — як і цэны - піша «Наша Ніва».

Па выніках мая 2024 года сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы вырас на 2,4% і склаў 1520 долараў. Прычым гаворка не пра прапанову, а пра рэальныя здзелкі. Планка ў паўтары тысячы за метр была пераадолена ўпершыню з 2015 года.

Разбежка сярэдняй цэны на кватэры па раёнах Мінска выглядала так: ад $1313 за квадрат у Заводскім раёне да $1604 у Цэнтральным.

Ад пачатку года сярэдні кошт кватэр у Мінску па фактычных здзелках павялічыўся на 8%.

Тэндэнцыя росту мае ўсё шанцы захавацца, бо май 2024 года стаў рэкордным па колькасці здзелак. Праўда, не ў абсалютных паказчыках, а ў параўнанні з тым жа месяцам у мінулыя гады. Агулам жа праз вялікую колькасць выходных майскія аб'ёмы продажаў былі крыху меншымі, чым сакавіцкія і красавіцкія.

Па назіраннях рыэлтараў, каля 20% продажаў кватэр у Мінску прыходзіцца на жыхароў рэгіёнаў.

Але цэны на нерухомасць растуць не толькі ў сталіцы. Кватэры даражэюць і ў абласных цэнтрах. Сярэдні кошт жытла ў Брэсце, які з'яўляецца самым дарагім абласным цэнтрам, працягвае расці. Па стане на 1 чэрвеня ён склаў $936 за метр. Месяцам раней было $925. Ад пачатку года цэны на кватэры ў Брэсце выраслі на 7,2%.

У Гродне, які займае другое месца па дарагоўлі нерухомасці сярод абласных цэнтраў, цэны таксама растуць.

Па стане на 1 чэрвеня метр у Гродне ў сярэднім каштаваў $824. Месяцам раней было $819. Ад пачатку года кватэры ў Гродне падаражэлі на 3,8%. Як і ў выпадках са сталіцай, значную долю купцоў нерухомасці ў Гродне і Брэсце складаюць жыхары рэгіёнаў.

Іншыя абласныя цэнтры таксама паказваюць рост цэн на кватэры.

Магілёў — плюс 4,2% ад пачатку года ($801 за м² на 1 чэрвеня).

Гомель — плюс 7,3% ад пачатку года ($796 за м² на 1 чэрвеня).

Аўтсайдэрам сярод абласных цэнтраў з'яўляецца Віцебск, там не толькі самыя нізкія цэны за квадрат, але і самы сціплы рост цэн. Ад пачатку года нерухомасць у Віцебску падаражэла толькі на 0,5% і дасягнула $743 за м².

Людзі, знаёмыя з сітуацыяй на рынку нерухомасці, адзначаюць, што апроч рэгіяналаў, якія часцяком набываюць нерухомасць у буйных гарадах для дзяцей, немалую долю складаюць беларусы, якія працуюць за мяжой. Большасць з іх, па назіраннях прадаўцоў, працуе ў Еўропе дальнабойшчыкамі.

Сярод чыннікаў, якія ўплываюць на рост цэн на нерухомасць, эканамісты вылучаюць зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах на куплю нерухомасці. А таксама зніжэнне ставак па валютных укладах. Частка людзей проста «бетаніруе» свае зберажэнні ў тым ліку праз нізкі ўзровень даверу да банкаў.

У меншай ступені на рост цэн уплывае попыт з боку замежнікаў, галоўным чынам расіян. Прадаўцы нерухомасці адзначаюць, што калі інтарэс на нерухомасць у Беларусі з боку ўсходніх суседзяў і падрос, то неістотна.