У чацвер, 27 чэрвеня, у судзе Баранавічаў суддзя Ганна Папова будзе разглядаць справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аб новым судовым працэсе паведамляе «Вясна».
Па крымінальнай справе праходзяць адразу восем фігурантаў: Мікалай Лосік, Ірына Чабатар, Анастасія Грэчышкіна, Уладзімір Дзяўгуць, Павел Містейка, Чэслаў Гвяздоўскі, Дзмітрый Руткевіч, Мікалай Дударэвіч.
Вядома, што Мікалая Лосіка затрымалі падчас аблавы сілавікоў у снежні мінулага года. Чэслаў Гвяздоўскі – вядомы ў Баранавічах вядучы свят і мерапрыемстваў.
У Брэсцкай вобласці і ў Баранавічах працягваюцца масавыя затрыманні і суды за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту з боку сілавікоў у 2020 годзе. Па дадзеных «Вясны», за апошнія тры месяцы прысуды па «народным» 342 артыкуле КК атрымалі ўжо 25 жыхароў Баранавічаў. «Зеркало» нагадае, што ў горадзе паводле звестак афіцыйнай статыстыкі пражывае каля 171 тысячы чалавек.
нг