Беларуская Служба

Пераканаўчых доказаў размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі няма, заяўляе SIPRI

17.06.2024 11:08
Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) скептычна ставіцца да заяваў пра размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ).
Rosyjska broń jądrowa trafiła na Białoruś
Rosyjska broń jądrowa trafiła na BiałoruśOleg Elkov / Shutterstock

«Хаця з адкрытых крыніц і спадарожнікавых здымкаў вынікае, што гэтыя боегалоўкі могуць захоўвацца на новым складзе падвышанай бяспекі непадалёк ад Асіповічаў (Магілёўская вобласць), там станам на студзень 2024 года не было пераканаўчых візуальных доказаў таго, што расійскія ядзерныя боегалоўкі і звязаны з ім персанал былі размешчаны ў Беларусі», – гаворыцца ў раздзеле «Сумеснае выкарыстанне ядзернай зброі з Беларуссю» штогодніка SIPRI.

Аўтары адзначаюць, што ў 2023 годзе Масква і Мінск неаднаразова заяўлялі пра размяшчэнне ТЯЗ у Беларусі.

Напрыклад, у сакавіку прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў, што «Расія пераабсталявала 10 беларускіх самалётаў Су-25, здольных дастаўляць ядзерную зброю, і перадала ім балістычныя ракеты малой далёкасці 9К720 «Іскандэр-М» падвойнага прызначэння, якія можна перавозіць па дарогах».

Падрыхтоўка расійскіх стартавых груп, гаворыцца ў дакуменце, «відаць, была завершаная да красавіка», а напрыканцы снежня 2023-га Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія завяршыла пастаўкі ядзернай зброі ў Беларусь.

«У другой палове 2023 года беларускія чыгуначнікі заявілі, што «расійская тактычная ядзерная зброя і звязанае з ёй абсталяванне» паступіла ў Беларусь у выніку шматлікіх паставак», – адзначыў SIPRI.

6 траўня Генштаб Мінабароны Расіі паведаміў пра падрыхтоўку да вучэнняў з тактычнай ядзернай зброяй для «падвышэння гатоўнасці нестратэгічных ядзерных сіл да выканання баявых задач».

На наступны дзень Лукашэнка распарадзіўся правесці ў Беларусі «раптоўную праверку сродкаў – носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі» з «падачай спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя вайсковыя часці, загрузкай іх на пускавыя ўстаноўкі і падвескай на самалёты».

Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і правядзенне «ядзерных вучэнняў» уяўляюць сабой «прамую і сурʼёзную пагрозу бяспецы Еўропы», заявіла 8 траўня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), прааналізаваўшы рыторыку прадстаўнікоў рэжымаў у Маскве і Мінску, выказаў меркаванне, што «ні Расія, ані Беларусь не імкнуцца да ядзернай эскалацыі, прымяненне імі ядзернай зброі застаецца малаверагодным».

Сёлета 4 лютага начальнік узбраення Узброеных сіл Андрэй Федзін заявіў, што размяшчэнне ў Беларусі ТЯЗ зʼяўляецца «вельмі важкім фактарам стратэгічнага стрымлівання».

pozirk.online/вх