Беларуская Служба

На рынку працы Беларусі – рэкордная колькасць вакансій

20.06.2024 14:06
У Мінпрацы распавялі, колькі ў краіне афіцыйных беспрацоўных.
 .
Ілюстрацыйная выява.Shutterstock/Firma V

У Беларусі расце дэфіцыт кадраў: у цэлым па краіне патрабуецца крыху больш за 159,1 тысячы работнікаў. Дзяржаўная служба занятасці паведаміла, як сітуацыя адрозніваецца па рэгіёнах і колькі ў цэлым па краіне налічваецца не працаўладкаваных.

Паводле звестак дзяржаўнай службы занятасці, на 20 чэрвеня ў Беларусі былі апублікаваны абʼявы аб 159 122 вакансіях. Яшчэ месяц таму –150 057 прапаноў ад наймальнікаў. Для параўнання: 25 мая мінулага года ў цэлым па краіне не хапала крыху больш за 120 тысяч работнікаў.

Мінпрацы паведамляе, што на 1 чэрвеня было 151,4 тысячы вольных працоўных месцаў, з іх больш за 11 тысяч з прадастаўленнем жылля. Попыт на работнікаў рабочых прафесій склаў каля 70% ад агульнай колькасці вакансій. Больш за ўсё прапаноў ад наймальнікаў было ў Мінску – 39 тысяч. Далей ідуць Мінская і Брэсцкая вобласці – 23,7 і 19,9 тысячы адпаведна.

Па дадзеных Мінпрацы, у пачатку гэтага месяца на ўліку ў цэнтрах занятасці як беспрацоўныя былі зарэгістраваны 4, 4 тысячы чалавек.

У якім узросце больш шанцаў аказацца беспрацоўным

Па дадзеных на канец сакавіка, больш за ўсё беспрацоўных было ва ўзроставай катэгорыі 50-54 гады, на другім месцы – людзі ад 55 да 59 гадоў, на трэцім – 45-49 гадоў. Але прыведзеныя дадзеныя – сярэднія па краіне, па некаторых абласцях статыстыка адрозніваецца. Напрыклад, у Мінскай вобласці больш за ўсё беспрацоўных было ва ўзроставай катэгорыі 40-44 гады.

zerkalo.io/вх