Беларуская Служба

Кіеў: Беларусь сваімі заявамі намагаецца перакласці на Украіну адказнасць за напружанасць на мяжы

21.06.2024 11:02
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіне падкрэслілі, што беларускі кірунак застаецца для Украіны пагрозлівым.
-
Паўночна-ўсходняя УкраінаPAP/EPA/SERGEY KOZLOV

«Беларусь ужо не ўпершыню такім чынам намагаецца перакласці адказнасць на Украіну, што мы трымаем свае войскі і сродкі на мяжы з гэтай краінай», – заявілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіне расцанілі заяву Беларусі аб павелічэнні ўкраінскага вайсковага кантынгенту на мяжы ў Жытомірскай вобласці як спробу перакласці на Кіеў адказнасць за напружанасць.

«Добра, што яны разумеюць, што мы маем сілы і сродкі, і магчымасці ўзмацняць у тым ліку і гэты кірунак. Хоць яны заяўляюць, што будуць супрацьдзейнічаць усім правакацыям на мяжы, але трэба нагадаць асноўную правакацыю, якую зрабіла Беларусь 24 лютага 2022 году, калі фактычна адкрыла свае межы для расійскіх войскаў, якія таксама заходзілі з тэрыторыі гэтай краіны на тэрыторыю нашай дзяржавы», – сказаў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафону.

Паводле яго, пакуль Беларусь будзе заставацца «у зоне ўплыву Расіі і адной саюзнай дзяржаве з Расіяй, пакуль Беларусь будзе падтрымліваць Расію ў маштабнай, не справакаванай Украінай вайне, мы прадоўжым узмацняць нашы межы рознымі падраздзеламі сіл абароны, і інжынернымі загародамі».

Андрэй Дземчанка падкрэсліў, што беларускі кірунак застаецца для Украіны пагрозлівым.

«І зноў наконт гэтай заявы. Беларусь ужо не ўпершыню такім чынам намагаецца перакласці адказнасць на Украіну, што мы трымаем свае войскі і сродкі на мяжы з гэтай краінай. Але асноўная наша задача – гэта бяспека і абарона. Мы і далей будзем рабіць усё, каб гэты кірунак быў абаронены», – падкрэсліў ён.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны дадаў, што пакуль на тэрыторыі Беларусі няма дастатковых расейскіх сіл для паўторнага ўварвання ва Украіну.

«А беларускія падраздзелы, якімі ўзмацняюць мяжу з нашай краінай, як і раней, знаходзяцца на розных кірунках, але на пэўнай адлегласці ад мяжы», – дадаў Андрэй Дземчанка.

ав/Свабода