Беларуская Служба

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

26.06.2024 12:39
Палітык выказаў падзяку Святлане Ціханоўскай за давер, а таксама калегам і міжнародным партнёрам за плённую супрацу ў гэтых кірунках.
Валер Кавалеўскі Фота: Я. Іванюк

Намеснік Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду, пра сваё рашэнне ён паведаміў у Фэйсбуку, – піша «Наша Ніва».

«Паважаныя беларускі і беларусы, сёння я прымаю рашэнне аб складанні з сябе абавязкаў намесніка кіраўніцы і прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінеце. На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі», – напісаў Валер Кавалеўскі.

Валер Кавалеўскі адзначыў сваю «змястоўную працу ў замежнай палітыцы», якая спрыяла наладжванню новых прафесійных сувязяў, даверу і супрацы з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, распрацоўцы і прасоўванні новых падыходаў да абароны незалежнасці Беларусі, а таксама стварэнню ўнікальных механізмаў міжнароднай супрацы на карысць беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Палітык выказаў падзяку Святлане Ціханоўскай за давер, а таксама калегам і міжнародным партнёрам за плённую супрацу ў гэтых кірунках.

эж