Беларуская Служба

На аўкцыён выставілі зямельны ўчастак Віктара Бабарыкі ў Лагойскім раёне

26.06.2024 14:04
Раней з аўкцыёнаў прадалі аб'екты нерухомасці іншых апанентаў рэжыму, у тым ліку кватэры Сяргея Ціханоўскага і Валерыя Цапкалы.
 .
Віктар Бабарыка.Фота з адкрытых крыніц

На аўкцыён выставілі зямельны ўчастак палітвязня Віктара Бабарыкі, размешчаны ў вёсцы Мачаны ў Лагойскім раёне (20 км ад Мінска), – піша партал zerkaloi.io. Зямля знаходзіцца ў водаахоўнай зоне вадасховішча Вяча. З пабудоваў там толькі лазня – яна зробленая з бруса, парылка абабітая вагонкай з лісцяных пародаў. Усталяваная дроўная печ. Аўкцыён запланаваны на 31 ліпеня.

Нагадаем, экс-старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка планаваў балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. Але да моманту рэгістрацыі кандыдатаў быў ужо затрыманы. У зняволенне трапіў і яго сын Эдуард, які кіраваў выбарчай кампаніяй бацькі.

Бабрыка-старэйшы атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў здзяйсненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі злачынным шляхам. Віктар Бабарыка сваю віну не прызнаў. Эдуарда Бабарыка асудзілі на 8 гадоў. З лютага 2023 года ў родных і сяброў няма сувязі з палітзняволеным экс-банкірам.

Раней з аўкцыёнаў прадалі аб'екты нерухомасці іншых апанентаў рэжыму, у тым ліку кватэры Сяргея Ціханоўскага і Валерыя Цапкалы.

эж