Беларуская Служба

Германія і Францыя дамагліся змякчэння новых санкцый ЕС супраць Мінска

27.06.2024 11:30
У тым ліку не ўдалося дасягнуць пагаднення аб поўнай забароне на экспарт з ЕС транспартных сродкаў.
Сцяг ЕўрасаюзаCapri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Германія і «некаторыя іншыя краіны-экспарцёры» вымусілі Еўрасаюз аслабіць новы пакет санкцый супраць Мінскапаведамляе «Позірк» са спасылкай на нямецкі партал tagesspiegel.de.

Выданне ўдакладняе, што «не ўдалося дасягнуць пагаднення аб поўнай забароне на экспарт з ЕС транспартных сродкаў», супраць гэтага выступіў Берлін. Адзначаецца, што забарона закране толькі тэхніку, якая «можа быць выкарыстана ў вайсковых мэтах». Такое змякчэнне новых санкцый падтрымала Францыя.

«Таксама павінны быць выключэнні для прадметаў раскошы, такіх як вырабы са скуры, парфумерыя і віно», – гаворыцца ў публікацыі.

26 чэрвеня амбасадары Еўрасаюза пры Еўрапейскай радзе ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Беларусі.

Паводле бельгійскага старшынства ў ЕС, гэты пакет павінен узмоцніць меры ў адказ на ўварванне Расіі ва Украіну, у тым ліку барацьбу з абыходам санкцый.

Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) і персанальна яго першага сакратара Аляксандра Лук’янава, холдынгу «БелОМА» і яго генеральнага дырэктара Аляксандра Мароза, а таксама дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, вынікае з рашэння Савета ЕС, апублікаванага 24 чэрвеня.

Згаданыя санкцыі былі ўведзеныя ў рамках 14-га пакета санкцыяў супраць Расіі, прынятых у сувязі з працягам расійскай агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага 2022 года. Папярэдні, 13-ты пакет, быў прымеркаваны да другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну.

У яго трапілі, у прыватнасці, старшыня Наваполацкага гарвыканкама (Віцебская вобласць) Дзмітрый Дзямідаў, генсакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, якія мелі дачыненне да «незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Рэспубліку Беларусь».
Тады ж у санкцыйныя спісы былі паўторна ўнесены ААТ «2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення» (Барысаў, Мінская вобласць) і яго дырэктар Валерый Шаціла, завод «Пеленг» (Мінск), Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) і яго дырэктар Павел Случак. Адзначалася, што згаданыя прадпрыемствы задзейнічаны ў падтрымцы ваенна-прамысловага комплексу Расіі.

На гэты момант дзейнічае восем пакетаў санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінска, апошні з іх прыняты ў жніўні 2023 года.

аз