Беларуская Служба

Беларускі ПЭН заклікае беларусаў пачуць сваю літаратуру

27.06.2024 15:32
Ідзецца пра тое, каб пачуць літаратуру, якую ствараюць проста цяпер і пра беларускае грамадства сучасніцы і сучаснікі.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/PENBelarus

29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы пройдзе вялікі Hučna Fest з сучаснай літаратурай і мастацтвам, актуальнай беларускай музыкай і актывізмам. Арганізатар – Free Belarus Center.

У сваю чаргу Беларускі ПЭН ладзіць на фэсце літаратурную сцэну «БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ», прысвечаную беларускай жаночай і квір-літаратуры. Вядоўцай стане вядомая актрыса, сузаснавальніца праекта «Кніжны воз» Крысціна Дробыш.

Слоган літсцэны – «Пачуй сваю літаратуру!»

Ідзецца пра тое, каб пачуць літаратуру, якую ствараюць проста цяпер і пра цябе твае сучасніцы і сучаснікі. Пачуй салідарнасць і галасы тых, хто ўпісвае Беларусь у сусветны кантэкст. Пачуй у жывым выкананні тыя творы і тых аўтарак ды аўтараў, якіх ты чытаеш, любіш, за якімі сочыш. Пачуй літаратуру, што гаворыць з табой на тыя тэмы, якія цябе хвалююць, змагаецца з тымі ж самымі выклікамі, што і ты, знаходзіць словы, каб падзяліцца тым, што для цябе важнае, гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭН-а.

Падчас фэсту запланаваная таксама прэзентацыя выдавецтва Гутэнберг новай кнігі Сяргея Календы «Стрыжэ і піша». Гэта некалькі дзясяткаў камічных, а часам сумных і нават жахлівых гісторый з працоўнага досведу цырульніка.

Сяргей Календа некалькі гадоў запісваў цікавыя гісторыі, героем якіх быў ён сам, а таксама яго кліенты і кліенткі.

Старт продажаў і прэзентацыя кнігі з удзелам аўтара адбудуцца на выдавецкай пляцоўцы Hučna Fest у Варшаве 29 чэрвеня. Перадзамова на сайце выдавецтва.  

Выдавецтвы пачнуць сваю працу на пляцоўцы а 12:00, а літаратурная сцэна стартуе з 13:00.

Крыніца: Беларускі ПЭН-Цэнтр