Беларуская Служба

Зяленскі: Беларусь павінна ўступіць у ЕС пасля вызвалення ад расійскай акупацыі

27.06.2024 16:29
Украінскі прэзідэнт заявіў лідарам ЕС, што Беларусь павінна стаць членам Еўрасаюза
Ілюстрацыйнае фотаEPA/OLIVIER HOSLET / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Беларускі народ пасля вызвалення ад расійскай дэ-факта акупацыі павінен пачаць перамовы аб уступленні Беларусі ў ЕС.

Аб гэтым заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў выступленні на адкрыцці пасяджэння саміта ЕС у Бруселі, у якім ён удзельнічае, паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».

Уладзімір Зяленскі падзякаваў еўрапейскім партнёрам за пачатак перагавораў аб уступленні Украіны ў Еўрасаюз, што адбылося 25 чэрвеня ў Люксембургу.

«Еўропа даказала здольнасць прымаць правільнае рашэнне ў правільны час», – заявіў украінскі прэзідэнт, а таксама павіншаваў Малдову, якая таксама атрымала згоду ЕС і пачала ўступныя перамовы.

«Я ўпэўнены, што будзе аналагічнае рашэнне па Беларусі, паколькі гэта еўрапейская нацыя, якая павінна мець еўрапейскую будучыню», – заявіў Зяленскі.

Ён таксама зазначыў, што некалі Грузія павінна перайсці да перагавораў з ЕС, «час для гэтага наступіць».

Гэта не першая такая заява Зяленскага. Увесну 2024 года ён ужо казаў, што лічыць неабходным сяброўства Грузіі і Беларусі ў ЕС.

Крыніца: «Еўрапейская праўда»