Беларуская Служба

Ад 8 да 11 гадоў. У Гомлі за «здраду дзяржаве» вынеслі прысуд сям’і

28.06.2024 10:23
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме з 20 траўня, справу разглядаў Гомельскі абласны суд.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Як стала вядома Свабодзе, адзін з абвінавачаных, Васіль Прохараў, атрымаў 11 гадоў калоніі. Ягоная жонка Ларыса і сын Павел атрымалі па 8 гадоў зняволення. Яшчэ аднаму фігуранту справы, настаўніку беларускай мовы Руслану Прахарэнку, прысудзілі 10 гадоў калоніі. Пра лёс пятага фігуранта справы, Фёдара Аксёненка, нічога не вядома.

Удзельнікі закрытага працэсу маюць падпіскі аб невыдаванні. З неафіцыйнай крыніцы Свабодзе вядома, што крымінальная справа тычыцца фатаграфавання розных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, а за фігурантамі справы нейкі час перад арыштам сачылі спецслужбы.

Групу абвінавачвалі паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «Распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «Неданясенне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).

Сям’я Прохаравых доўгі час жыла ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. На момант затрымання яны жылі ў вёсцы Уза Гомельскага раёну, куды пераехалі два гады таму.

Старэйшы Прохараў, Васіль Васілевіч, этнічны ўкраінец 1969 году нараджэння, былы дэсантнік. Ён нарадзіўся ў Чарнобылі (Кіеўская вобласць). Васіль Прохараў часта ездзіў з Беларусі ва Украіну. У 2021 годзе на яго не было пачатых крымінальных спраў. Працаваў у асноўным у сферы будаўніцтва, прарабам і майстрам.

Апроч працы, Васіль меў свой блог на YouTube. Там ён дзяліўся з падпісчыкамі відэа пра вёскі і пасёлкі Гомельскай вобласці, у тым ліку чарнобыльскай зоны. Частка відэа прысвечана святкаванню Дня дэсантніка ў розныя гады.

Жонка Васіля Ларыса Прохарава – беларуска 1975 году нараджэння. Паходзіць з Грабаўкі Гомельскага раёну, жыла там доўгі час. Раней працавала санітаркай у адной з гомельскіх лякарняў.

Сын Прохаравых Павал нарадзіўся ў 1996 годзе. З 2007-га па 2019 год сем разоў быў за мяжой – ва Украіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсце. У снежні 2023 году паведамлялася, што была затрыманая і дачка Прохаравых Анастасія, але яе няма сярод абвінавачаных.

Руслан Прахарэнка працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Нароўлі. Туды ён трапіў па размеркаванні, калі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францішка Скарыны. Хлопцу 24 гады. Свае сацыяльныя сеткі ён вёў на беларускай мове, часам выказваўся на палітычныя тэмы і рабіў перапосты з так званых «экстрэмісцкіх» каналаў. Таксама пісаў пра тое, чаму варта размаўляць па-беларуску.

Фёдар Аксёненка нарадзіўся ў 1978 годзе Лунінецкім раёне, вучыўся ў тэхнічным універсітэце ў Гомлі, там жа застаўся жыць і працаваць. Ён мае багатую біяграфію – працаваў кіроўцам, будаўніком, дырэктарам розных камерцыйных фірмаў. Не менш за 17 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ. У 2001 годзе яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу 339 за хуліганства.

Санкцыі артыкулу «Здрада дзяржаве» – ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. На люты 2024 году праваабаронцы «Вясны» налічылі мінімум 55 чалавек, якія сталі «здраднікамі дзяржавы» паводле версіі следства і суду.