Беларуская Служба

На выездзе з Беларусі ў краіны ЕС зноў выстраіліся чэргі

01.07.2024 13:02
У чатах пісалі, што нікога нікуды «не пускаюць».
  -  1 .
Чарга на польска-беларускай мяжы 1 ліпеня.Фота: t.me/terespol

Раніцай 1 ліпеня зноў сабралася доўгая чарга з аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў у пункце пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай, пра гэта сведчаць звесткі маніторынгу Дзяржпагранкамітэта. Людзі, якія стаяць у чарзе, пішуць у чатах, што іх гадзінамі нікуды «не пускаюць», – адзначае «Zerkalo.io».

Па стане на 12.00 панядзелка выезду з Беларусі ў Польшчу чакалі 45 аўтобусаў. У чатах аб перасячэнні мяжы паведамляюць, што час чакання праезду на польскі бок складае да 20 гадзін. Адзін з пасажыраў распавёў, што яго аўтобус стаіць без руху з 2 гадзін ночы, і «пакуль проста не пускаюць нікога» з невядомай прычыны.

Акрамя таго, у пункце пропуску «Брэст» стаяць 200 легкавушак.

У адным з паблікаў напісалі, што «на мост (на памежнай рацэ Буг. – рэд.) не пускаюць з боку Польшчы». На гэта ім адказалі, што «з боку Беларусі таксама руху няма». У суседнім чаце паскардзіліся на ранішнюю перазменку ў беларускім пункце пропуску, пасля якой «усё пайшло неяк павольней».

Тым не менш, мяркуючы па тэлеграм-чатах, людзі ўсё ж перасякаюць мяжу, хоць і пасля шматгадзіннага чакання. Шмат хто распавядае пра дбайны нагляд на ўездзе ў Беларусь, асабліва аўтамабіляў з нумарамі ЕС, які ў «суме займае хвілін сем».

Чэргі ёсць і на літоўскім напрамку: у пункце пропуску «Каменны Лог» апоўдні панядзелка выезду з Беларусі чакалі 60 легкавых машын, у «Беняконях» – 70.

У пункце пропуску «Грыгараўшчына» (Латвія) стаялі 35 аўтамабіляў.

Акрамя таго, на мяжы Беларусі і ЕС стаяць 1670 фур: 500 – у «Каменным Логу», 580 – у «Беняконях», 540 – у «Грыгараўшчыне», 50 – у «Казловічах».

нг