Беларуская Служба

Ад Рыгора Кастусёва няма лістоў паўтара месяца

02.07.2024 13:20
Сваякі хвалююцца тым больш, што ў красавіку палітвязню зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка.
 , 2020
Рыгор Кастусёў, 2020 год screen/YouTube

Сваякі Рыгора Кастусёва хвалююцца з-за адсутнасці кантакту з палітвязнем, якому нядаўна зрабілі аперацыю, паведамляе «Вясна».

67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за тры гады. У верасні 2022 года Рыгора прызналі вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады« і прызначылі яму 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем – у яго выявілі анкалагічнае захворванне. У красавіку яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру. Зяць палітыка Дзмітрый Антончык паведаміў «Вясне», што ад пачатку траўня на волю ад Рыгора не дайшоў ніводны ліст – раней такога вялікага перапынку ў ліставанні не было.

Па словах Дзмітрыя Антончыка апошняя вестка ад палітвязня была 9 траўня:

«Апошняя паштоўка, нават не ліст, была 9 траўня з віншаваннямі да Дня народзінаў ягонай жонкі. Але бачна, што ў яго вельмі вялікія праблемы з ліставаннем, бо лісты яму не даходзяць. Бывае, піша, што «не атрымаў адказу, таму пішу зноў». Таму апошнія лісты былі больш перапісваннем аднаго таго ж».

Як вынікае з апошніх лістоў Рыгора, пасля аперацыі, якая адбылася напачатку красавіка, у палітвязня былі запланаваныя ў траўні некалькі абследаванняў у Мінску.

«Звычайна там больш месяца не трымаюць, але амаль два месяцы ўжо няма лістоў. Таму невядома ні дзе ён, ні як. Раней не было такога, каб такія вялікія перарывы былі ў ліставанні. Звычайна лісты даходзілі рэгулярна».

Дзмітрый мяркуе, што за гэты час Рыгора маглі пераводзіць у Бараўляны на абследаванне, таму маглі ўзнікнуць праблемы з ліставаннем на пэўны час. Але звычайна абследаванні займаюць менш часу, таму сваякі хвалююцца праз адсутнасць сувязі з Рыгорам.

Нагадаем, Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У івацэвіцкай калоніі № 22, дзе палітвязень спачатку адбываў тэрмін, яго некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а пазней перавялі ў ПКТ.

У судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні Сяргея Кухацкавольца, Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым у Гродна.

У зняволенні ў палітвязня выявілі падазрэнне на анказахворванне. Напачатку красавіка сваякам палітвязня стала вядома, што яму зрабілі аперацыю – вывелі катэтар з мачавіка. Аперацыя зняла небяспеку разрыву пузыра ў Кастусёва, але ўскладніла знаходжанне палітвязня ў турме.

аз