Беларуская Служба

На мужчыну, які галяком бегаў па Варшаўскім мосце, могуць завесці, між іншым, справу за гвалт у дачыненні да службовай асобы

02.07.2024 16:30
У ДПК расказалі, што голы мужчына, які прыбег з Польшчы ў Беларусь, быў пад уздзеяннем наркотыкаў і супраціўляўся падчас затрымання.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jhusemannde/pixabay.com/CC0 Public Domain

Мужчыну, які напярэдадні галяком бегаў па Варшаўскім мосце на мяжы з Польшчай, затрымалі і адправілі ў ізалятар, яго асоба высвятляецца, паведаміла «Люстэрка» са спасылкай на расійскае інфармагенцтва Sputnik. На парушальніка могуць завесці, у тым ліку, крымінальную справу за гвалт у дачыненні да службовай асобы, паведаміў афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі.

Інцыдэнт адбыўся каля 17.40 у панядзелак у пункце пропуску «БрэстТэрэспаль». Мужчына спрабаваў перасекчы дзяржмяжу Беларусі з боку Польшчы без адзення і дакументаў.

«Мужчына паводзіўся неадэкватна, кепска арыентаваўся ў прасторы і аказаў супраціў памежнаму нараду. Праведзены медыцынскі агляд затрыманага выявіў стан наркатычнага ап’янення», – расказаў Бычкоўскі.

Парушальнік затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання для далейшага разбіральніцтва. Цяпер яго асоба высвятляецца.

Мужчыну прыцягнуць да адказнасці за наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржмяжы Беларусі, а таксама парушэнне заканадаўства пра прававое становішча замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства.

Акрамя таго, у дачыненні да парушальніка распачатая праверка па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 366 КК (Гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі).

Як паведамілі відавочцы, у сувязі з інцыдэнтам польскія памежнікі на нейкі час прыпынілі рух з Беларусі.

аз